Будслаўскія землі на рацэ Сэрвач належалі роду Аскеркаў яшчэ з канца 16 стагоддзя і ажно да 1939 года. Як разумееце, гэта даволі рэдкі выпадак, каб прадстаўнікі аднаго роду валодалі землямі так доўга. Таму зразумела, што ў гэтым краі, а дакладна ў вёсцы Палессе, у Аскеркаў была фамільная сядзіба, закладзеная ў другой палове 18 стагоддзя. Сёння ад былога маёнтка захавалася толькі невялічкая частка сядзібнага дома, парк і некаторыя гаспадарчыя пабудовы.

Першапачатковы варыянт сядзібы Аскеркаў быў аднапавярховым, кампактных памераў, але з паверхам мансарды. Асноўны аб’ём будынка быў драўляны, цэнтральны і паркавы ўваходы ўпрыгожвалі паўкруглыя тэрасы з балюстрадамі. Дарэчы, адна з тых тэрас захавалася да нашых дзён, ніжэй як раз яна на фота.

На старым здымку 1939 года можна паглядзець як маёнтак Аскеркаў выглядаў за даваенным часам.

У 1908 годзе, Ян Аскерка, вырашыў пашырыць сядзібу ў Будславе, таму дзесьці за два гады, па праекце архітэктара Стэфана Сестрэнцэвіча, быў прыбудаваны даволі вялікі каменны корпус.

Новая частка будынка мела рысы архітэктуры стылю неабарока і класіцызма.

Падчас Другой сусветнай вайны маёнтак амаль згарэў ушчэнт, таму драўляная частка дома поўнасцю страчана.

Руіны з часам разабралі, пакінуўшы толькі балюстраду, якая сёння выглядае вельмі дзіўна і служыць ці то адрынай, ці то складам. Каменную частку сядзібы Аскеркаў не так даўно аднавілі, тут працуе будслаўская амбулаторыя.


Гэтая славутасць знаходзіцца ў вёсцы Палессе, паміж аграгарадком Будслаўскім (Будслаў, дзе велічны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі) і чыгуначнай станцыяй Будслаў, ніжэй адзнака на мапе:
Па шляху да сядзібы можна заехаць паглядзець руіны брамы ў Сітцах і файны храм у Параф’янава.








