Адна з цікавостак горада Смаргонь – гэта помнік Францішку Багушэвічу (Francišak Bahuševič), які ўсталяваны ў цэнтральным парку. Архітэктурны эскіз быў распрацаваны яшчэ напачатку 90-ых, але рэалізаваць праект у бронзе атрымалася толькі ў 2009 годзе. Скульптура задуменнага 4-метровага Францішка Багушэвіча ў нацыянальным строі адлюстроўвае надзеі і ідэі легендарнага паэта Беларусі. На пастаменце помніка ёсць таблічка з прадмовы да “Дудкі беларускай”:
“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі…”


Чаму менавіта ў Смаргоні ўстанавілі гэты помнік? Смаргонскі край па сутнасці з’яўляецца Малой Радзімай Багушэвічаў. Прапрадзед Францішка набыў невялічкі фальварак Кушляны яшчэ ў 1749 годзе (*вёска знаходзіцца недалёка ад Смаргоні, сёння там працуе музей).

Менавіта там і правёў свае апошнія гады жыцця Багушэвіч: самастойна збудаваў дом, займаўся паркам і садам, шмат пісаў. Цікава, што там ёсць яшчэ адзін напамін пра жыццё паэта – стары валун, усталяваны ў 1900 годзе з надпісам на лацінке: “PAMIECI MACIEJA BURACZKA” (*Мацей Бурачок – адзін з псеўданімаў).

Пахаваны Францішак Бенедыкт Казіміравіч у вёсцы Жупраны, там у 1958 годзе таксама ўсталяваны памятны бюст, як раз ля касцёла Святых Пятра і Паўла.

Знайсці гэты помнік у Смаргоні будзе проста, ад храма згортвайце ў парк і рухайцеся да вадаёма, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях рэкамендую з’ездзіць у Солы і паглядзець на прыгожы касцёл Маці Божай Ружанцовай.








