Адпраўляемся у падарожжа па Беларусі з Аляксеям Гулякевічам

А вы любіце падарожнічаць і даведвацца штосьці новае? Мы знайшлі сапраўднага вандроўніка, які ўжо каля пяці гадоў арганізоўвае пешыя паходы па славутым месцам Беларусі. Знаёмцеся, Аляксей Гулякевіч, стваральнік суполкі «Адвечным шляхам», які ведае усё пра падарожжа па Беларусі.

1. Як, дзе і адкуль пачынаецца вандроўка?

Кожная вандроўка пачынаецца з Мінска. Сустракаемся на вакзале або каля нейкага прыпынку. Калі трэба, то едзем транспартам да пачатку маршрута. Так аднойчы ён пачынаўся з вёскі Пясочнае, гэта ў Уздзенскім раёне. У маршрутцы акрамя нас ехаў толькі адзін чалавек, дык кіроўца нават запытаўся, што там у Пясочным сёння адбываецца, раз такі аншлаг. Далей увесь час ідзем. Помнікі, гісторыі, гутаркі, дарога – адным словам, «вандроўка». А дадому ізноў вяртаемся нейкім транспартам. Нічога незвычайнага здаецца, але кожны паход асаблівы, у кожным падарожжы свая атмасфера.

2. Як даўно ты арганізоўваеш пешыя паходы? З чаго ўсё пачалося?

Насамрэч, атрымоўваецца даволі даўно. У першы раз мы сабраліся з сябрам яшчэ ў 11 класе акурат на зімовых канікулах (гэта быў пачатак 2010г.). Тады наш план быў «прайсці Мінск уздоўж і ўпоперак» – ад Вяснянкі да крамы “Шабаны” ў Шабанах і назад. У нас атрымалася тады больш за 30км па замецяных снегам вуліцах, бо іх яшчэ нават не паспелі расчысціць… З гэтага ўсё пачалося.

Здымак: Мястэчка Волма, Дзяржынскі раён

Параўноўваючы з маімі цяперашнімі парарожжамі, тую нават не магу класіфікаваць як вандроўку. Так, трэніроўка ці проста шпацыр нейкі. А праз год, улетку 2011 г., мы пайшлі ўжо ў сапраўдны паход па маршруту Гарадзея-Нясвіж-Мір-Гарадзея. Але яна атрымалася настолькі насычанай, што, калі прыйшоў час набываць квіткі на аўтобус з Нясвіжа ў Мір, сябра голасам Магнэта сказаў: “Мір – не мая мэта!” і купіў квіткі толькі да чыгункі ў Гарадзею.

Дзякуючы гэтаму, я не спыніўся пасля першай спробы, бо адчувалася патрэба ўзяць рэванш ды скончыць ўрэшце гэтую вандроўку, што праз месяц і адбылося. Але ж у тыя часы яны былі, скажам так, неарганізаваныя. Толькі у 2017 годзе я стварыў суполку ў Кантакце «Адвечным шляхам» і пачаў запрашаць усіх знаёмых і незнаёмых прайсці пару дзясяткаў кіламетраў.

3. У чым заключаюцца твае функцыі як арганізатара?

Прасцей сказаць, у чым яны не заключаюцца. Добра, што зараз пераклаў абавязак фатографа на іншых. За мною ўся распрацоўка вандроўкі: пабудова маршруту, пошук цікавых звестак, замаўленні транспарта і экскурсій. Гэта можа заняць пару тыдняў, а часам і болей. Падчас самой вандроўкі сачу за тым, каб удзельнікі не адхіляліся ад маршруту, распавядаю байкі, звязаныя з мясцовасцю, што наведваем. Часам гэтыя функцыя нават замінаюць адна адной, бо загаварыцца можна на раз-два, а пасля шукай, які паварот мы прапусцілі.

Паверце, няма больш сумнага часу ў дарозе, чым вяртацца назад тым жа самым шляхам. Яшчэ прадугледжваю, дзе і калі трэба зрабіць прыпынак, сачу за станам удзельнікаў… Карацей, цацкаюся як з малымі дзіцьмі, каб не былі галодныя, нагуляліся і яшчэ чагосьці цікавага даведаліся за дзень. А пасля вандроўкі, асабліва ад новых удзельнікаў, у прыватным парадку выслухваю крытыку ў свой бок, заўвагі, прапановы, меркаванні. Лічу гэта самай галоўнай часткай, каб паляпшаць якасць сваёй працы, калі можна так сказаць. Ну і канешне, пасля ўсяго гэтага пішу справаздачу ў суполцы «Адвечным шляхам». Туды ўваходзіць, вядома, не ўсё, што адбываецца ў дарозе, што я распавядаю, што абмяркоўваем. Гэта атрымліваецца хутчэй такі сціплы пераказ. Для тых, хто прымаў удзел, – прыемна ўзгадаць былыя прыгоды, для астаніх – рэклама.

Здымак: Прыпынак у вёсцы Высокая Ліпа, Нясвіжскі раён

4. А ты памятаеш свой першы ў жыцці паход? Як гэта было?

Самы першы? Здаецца, колькі сябе памятую, усё жыццё некуды іду, дзесьці бадзяюся. Напэўна, самы першы быў гадоў у 15 улетку на дачы. З вёскі, дзе я бавіў лета, было дзве дарогі, што вялі ў розныя вёскі, і яны таксама былі злучаны нейкай сцежкай. Але я там тады яшчэ ніколі не быў, і таму ўпэўненасці, што гэта замкнёны трохкутнік, не было. Мапы не было, інтэрнэта тым болей. І вось пад вечар мы з сястрой і сяброўкай выправіліся ў дарогу. Скончылася ўсё добра, прыцемкам па лясной дарозе вярнуліся дадому. Сказаць, што ад колькасці ўражанняў тады цяжка было заснуць, ні сказаць нічога… Тады мяне, пэўна, укусіў павук-вандроўнік, я не паспеў прыняць супрацьяддзе і «захварэў» падарожжамі.

5. У чым асаблівасці пешых падарожжаў з тэхнічнага боку? Ці патрэбна спецыяльная падрыхтоўка?

– Рыштунак кожны збірае сабе сам, тут магу толькі даць парады: не браць сумку праз адно плячо, апранацца па надвор’ю, якое было ўночы, і сур’ёзна ставіцца да выбару абутка. Спецыяльныя прыстасаванні пакуль нам не былі патрэбны, бо ходзім па розных дарогах, сцежках, там няма ніякіх перашкод. А вось што датычыцца падрыхтоўкі саміх удзельнікаў, тут я прыглядаюся больш пільна. Новыя людзі імкнуцца мяне ўразіць і распавядаюць пра свае дасягненні ў якасці турыста/веласіпедыста/аўтастопшчык, але гэта мяне мала цікавіць. Бо з іхняга вопыту я не магу зрабіць аніякай высновы, напрыклад, ці атрымаецца ў такіх парарожнікаў прайсці прапанаваны маршрут.

Здымак: Пераправа праз Іслач у Налібацкай пушчы

У кожным з падобных варыянтаў удзельнік едзе: на аўтобусе, ровары, машыне… А я прапаноўваю ісці. І гэта прынцыповая розніца. Пешага вандроўніка ў дарозе чакаюць два тыпа цяжкасцяў – фізічныя і псіхалагічныя. Да першых складанасцей я падрыхтоўваю не толькі удзельнікаў, але і сябе. Імкнуся штодня хадзіць пешшу. У гэтым плане зараз хапае шмат карысных прылад, дзе можна назначыць мэтай праходзіць нейкую адлегласць за дзень. А мае вандроўкі – гэта як іспыт пасля трэніровак. Спачатку кіламетраў 10-15, каб паглядзець, што чалавек з сябе ўяўляе, а потым падымаю планку. Да псіхалагічных цяжкасцей падрыхтавацца больш складана. Тут не заўважыў своечасова і ўсё, удзельніку ўжо нецікава, ён пачынае дурэць і падбухторваць да такога ж стану астатніх. Адзінае, што ратуе, гэта трымаць узровень зацікаўленасці на працягу ўсёй вандроўкі.

6. Колькі часу доўжыцца сам паход? І калі звычайна пачынаецца сезон паходаў?

Пакуль што ўсе вандроўкі былі аднадзённымі. Тут здараюцца цяжкасці з тым, дзе знайсці людзей, што змогуць вызваліць на паход больш за дзень. Але пошукі не спыняюцца, і, спадзяюся, хутка будуць маршруты адразу на два выходных. Працягласць вандровак залежыць ад даўжыні маршруту і аддаленасці ад Мінска. Так, напрыклад, 30 км можна прайсці за 6 гадзін, але, калі гэта было ў Мінскім раёне, тады яна праходзіла з 8 да 16 гадзін, і гэта пры ўліку, што цягнік уехаў перад нашым носам, і наступнага чакалі амаль гадзіну. А калі ў Нясвіжскім раёне – з 7:30 да 19:00.

Сезон пачынаецца пры першай жа магчымасці. Сам я магу і на Каляды сцягацца куды, але ж афіцыйнае адкрыццё пачынаецца пасля усіх зімовых свят, недзе ў лютым. Так сезон 2017 года пачаўся 11 лютага пры тэмпературы -10 градусаў праз галалёд, снег па калена і Польска-Савецкую мяжу. А скончылі нават даволі рана – 19 лістапада зноў на той жа самай мяжы. Ужо ішоў мокры снег, дзякуючы таму што зямля ўжо замёрзла, мы не былі па калена ў гразі. Такім чынам, усё залежыць перш-наперш ад ахвоты ўдзельнікаў.

Здымак: Перасякаем Савецка-Польскую мяжу пад Ракавам

7. Як ты складаеш маршрут? Якія цяжкасці могуць узнікнуць у перыяд планавання паходу?

О, закулісная праца. З-за таго, што вандроўка можа быць не абмежавана нейкай тэмай, я проста выбіраю якое-небудзь адметнае месца ці горад і шукаю, што яшчэ можна пабачыць побач.

Здымак: Толькі селі ў чыгунку ў Маладзечна. Цягнік яшчэ нават крануўся з месца

Часам адбываецца так, што першая славутасць з’яўляецца самай вядомай з абраных, але адыходзіць на другі план, бо іншае малавядомае месца мае значна больш цікавую гісторыю. Так было, напрыклад, са Смілавічамі – Дукора пакінула яго ў цені, хаця першы раз я туды вадзіў групу, калі яшчэ не было “Дукорскага маёнтка”.

Што датычыцца цяжкасцей, то часцей за ўсё гэта ці адлегласць атрымліваецца занадта вялікай, а чым больш адлегласць, тым менш людзей пойдзе, ці няма дарогі на сучасных мапах (такі быў выпадак, калі думаў наўпрост прайсці праз лес паўкіламетра, але добра, што на старой польскай мапе там было пазначана балота), ці цяжкасці з транспартам. На транспарт можна не паспець, таму я імкнуся, каб па часе мы падыходзілі хоць на перадапошні аўтобус. Можа не быць месца ў маршрутцы – тут цяжка прадказваць, таму пытанне вырашаецца ўжо на месцы. Самы надзейны транспарт – гэта чыгунка. Калі дайшоў да вакзала, ты ўжо амаль дома.

8. Пра што звычайна размаўляюць у дарозе? Ці проста кожны лунае ў сваіх думках?

Лунаць у сваіх думках у дарозе небяспечна, бо яшчэ невядома куды яны завядуць. Таму я імкнуся запоўніць гутаркай, у якой кожны прымае удзел. І тут ужо фантазіі няма канца.

Па-першае, дапамагае асноўны матэрыял. Найлепш за ўсё атрымліваецца, калі агульную інфармацыю скончыш распавядаць акурат да таго моманту, калі падыходзім да славутасці, каб казаць ўжо менавіта пра яе. Калі паміж такімі месцамі кіламетраў 5, тады гэтага трука дастаткова. Нават скажу, што на іншае ўжо не хапае часу, бо трэба ж яшчэ і абмеркаваць пачутае ды пабачанае.

Па-другое, калі ж адлегласці большыя, тут на сцэну выходзяць тыя, каго сябры ўжо пачалі называць “віктарынамі”. Тут і апытанкі, і гульні, і легенды – ўсё, на што хопіць ідэй, абы удзельнікі не засумавалі. Аднак яны абавязкова будуць звязаны ці з наступнай славутасцю, ці з агульнай тэмай вандроўкі. “Віктарыны” я ніколі не выкладваю ў сетку, бо гэта таямніца кожнага падарожжа, і каб пра яе даведацца, трэба прайсціся разам “Адвечным шляхам”.

Здымак: Абмяркоўваем гісторыю маёнтка Русінавічы

9. Які самы незвычайны выпадак адбыўся падчас падарожжаў?

Тое, што адбылося ў вандроўцы, назаўсёды застанецца ў вандроўцы. Праходзілі мы ў траўні праз аграгарадок Сямёнавічы, што непадалёк ад Узды. Група была немалая – 5 чалавек, таму і не заўважыць нас было цяжка. І ў дадатак да таго сам пасёлак размешчаны ўздоўж адной доўгай вуліцы больш за кіламетр, па якой мы і ішлі. Ідзем сабе, аглядаем мясцавы быт, гутарым паміж сабой – звычайнае рэч для мінчукоў.

Гутарка ідзе па-беларуску, бо так прасцей казаць пра беларускую гісторыю. А так яшчэ супала, што адзін з падарожнікаў быў яшчэ і апрануты ў сапраўдную вышыванку. Вось ідзем, нікога не чапаем, да і не багата людзей там можна сустрэць у нядзелю, і ад крамы нам на сустрач ідуць два мужыка. Разглядзеўшы ды пачуўшы нас, адзін з іх тыцнуў ў нас пальцам і сказаў свайму сябру: “Смотри, это же настоящие белорусы!!!” Карацей, падарожжа было паспяховым і вясёлым.

Здымак: Уздзенскі раён

10. Якія 3 парады ты можаш даць тым, хто хоча адправіцца ў пешы паход?

– Не бойся, збочы з пратаптанай сцежкі і пачні весці дзённік.

Па-першае, не пачынай рыхтавацца да падарожжа праз пытанні “А што калі..?” Ад усяго сябе не захаваеш, таму трэба падыходзіць рацыянальна: дакументы, рыштунак, адзенне, ежа, пітво, расклад маршрутаў. Тут можна параіць толькі быць ветлівым з людзьмі і не правакаваць іх. Вось, што датычыцца адзежы асабліва: лепш выглядай як хіпі, а не як хіпстар. Тут і ты не правакуеш нікога, каб цябе абакралі ці яшчэ што, ды і самому не так шкада, калі з вопраткай нешта здарыцца.

Па-другое, усім вядомыя славутасці кшталту Мір-Нясвіж, канешне, абавязкова трэба наведаць, але не трэба на гэтым спыняцца. Так, у тым жа Нясвіжскім раёне знаходзіцца шмат іншых прыгожых і цікавых мясцін. Я ў кастрычніку туды вадзіў групу, ніхто не чакаў таго, што пабачыў. Ды што казаць, нават будучы ў самім Нясвіжы, нехта даходзіў да Паповай Гары? Сюды ж адноосяцца і музеі. Не трэба пераўтвараць вандроўку ў паход па музеям, бо яны вельмі вымотваюць. Адзін-два музеі за дзень, і болей не трэба.

І дзеннік. Я раней таксама даволі скептычна ставіўся да гэтай парады, пакуль не стварыў суполку. Так, усе ўспаміны захоўваюцца ў галаве, а здымкі на дыску, але ўсё ж прыемна перачытваць праз нейкі час, як тады, яшчэ пад уражаннямі, апісваліся тыя прыгоды.

Здымкі ўзяты з суполкі: “Адвечным шляхам (Вандроўкі па Беларусі)”  -vk.com/advecnym_slacham