25 верасня ў горадзе Міёры, Віцебскай вобласці, адбылося экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, якое стала традыцыйным для рэгіёна і прайшло ўжо ў дзесяты раз.

Курс на поўнач: едзем здзіўляцца ў Міёрскі раён
фото: Татьяна Алешка (АПБ)

Поўнач Беларусі – цікавае месца для падарожжаў. Усё больш турыстаў наведвае Міёрскі раён – у сацсетках з’яўляюцца захопленыя допісы з фотаздымкамі жураўлёў, балот і азёр, архітэктуры і месца прыцягнення многіх вандроўнікаў – вадаспада на рацэ Вята.

Многія адкрываюць для сябе мясцовыя цікавосткі ўпершыню, а тыя, хто вяртаюцца сюды, радуюцца таму, як змяняецца і робіцца ўсё больш прывабнейшым Міёрскі раён, як імкліва развіваецца сфера турыстычных паслуг: адкрываюцца новыя аграэкасядзібы, распрацоўваюцца новыя маршруты і фарматы балотных экскурсій на любы густ.

Каталізатарам развіцця раёна стаў праект “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй (АПБ) і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

25 верасня ў Міёрах у межах праекта адбылося 10-е свята, прысвечанае “знакамітасцям” раёна – журавінам і шэраму жураўлю. У жніўні і верасні на мясцовыя балоты і палі злятаюцца тысячы шэрых жураўлёў: тут яны набіраюцца сіл перад доўгай дарогай у вырай. Гэтыя “чырванакніжныя” птушкі звычайна трымаюцца падалей ад чалавека, таму многія вяртаюцца сюды зноў і зноў, каб пабачыць вялізныя чароды грацыёзных птушак на палях і ў паветры, паслухаць іх тужлівыя крыкі.

Курс на поўнач: едзем здзіўляцца ў Міёрскі раён
фото: Іна Субоціна (АПБ)

10 гадоў таму свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” мела мясцовы маштаб.  Сёлета яно набыло статус абласнога. Людзі прыязджаюць сюды з усёй краіны не толькі каб набыць свежых журавін, прысмакаў з гэтых ягад, балотнага мёду, паназіраць за вялікімі чародамі жураўлёў на вакольных палях, але і адпачыць, паслухаць цішыню, удыхнуць крыштальнага гаючага паветра.

Многія завітваюць не на дзень, а на выходныя ці некалькі дзён, каб паспець паглядзець як мага больш цікавых аб’ектаў раёна, – гаворыць спецыяліст АПБ па развіцці турызму Сяргей Рэзаў. – Гэта і касцёл у Мілашова, і каменны крыж у вёсцы Авечкі, і званіца Троіцкай царквы ў вёсцы Лявонпаль, і аленевая ферма ў Ніўніках, і старажытная Дзісна з яе паромам і храмамі. Тут, у самым маленькім горадзе Беларусі, сёлета на сцяне двухпавярховіка з’явіўся самы вялікі ў Беларусі партрэт беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Адметныя графіці апошнімі гадамі з’явіліся і ў вёсцы Пераброддзе, і ў Міёрах, а неўзабаве здзіўляць турыстаў мураламі будуць вёскі Язна і Павяцце.

Менеджар праекта Алег Сівагракаў дадае: 

“Здзіўленне побач” – такі дэвіз мясцовага брэндзінгу. І гэта сапраўды так. Кожны раз наведнікі раёна ўразяцца з чагосьці новага: унікальнага экспаната ў музеі Вітольда Ермалёнка ў Міёрскай школе № 3, магчымасці навучыцца рабіць маляваныя пернікі ў Ксеніі Маскаленка ці прыгожыя сувеніры з воўны ў Галіны Паўлоўскай. Велавандроўка вакол балота Ельня? І гэта магчыма! Дамаўляйцеся з гаспадаром агратурыстычнай сядзібы “Жураўліная Ельня” Андрэем Літвінавым. Паласавацца садовымі дурніцамі, і заадно купіць саджанец добрай яблыні, якая не баіцца паўночных маразоў, можна ў фермера Уладзіміра Кашкура… Наш праект дзякуючы сродкам ЕС падтрымаў гэтыя і шэраг іншых спраў мясцовых актывістаў. І ўжо цяпер відаць эфекты ад іх дзейнасці. А праект працягваецца. Грамадскі савет па распрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна абмяркоўвае, як павялічыць колькасць і разнастайнасць сувенірнай прадукцыі, беларускія і замежныя эксперты перадаюць каштоўныя веды, каб раён замацоўваў за сабой славу прыцягальнай турыстычнай дэстынацыі не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропы.

Міёрскі край мае чым здзівіць. Прыязджай!

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Введите ваш комментарий
Ваше имя