На пад’ездзе да Лыскава з боку вёскі Асошнікі звярніце ўвагу на мемарыяльны камень “Курганы”, калісьці на гэтым самым месцы стаяў сапраўдны каралеўскі замак. Пра гісторыю гэтай крэпасці вядома няшмат. Лічыцца што замак пабудавалі ў канцы 15 – першай палове 16 стагоддзя. Сярод вядомых уладальнікаў згадваецца сама каралева Бона Сфорца, якая валодала мястэчкам Лыскава з 1543 года. Калі з датай будаўніцтва ўсё туманна, то амаль дакладна вядома што разбурылі крэпасць падчас Паўночнай вайны (1700-21 гады).

Дзякуючы даследаванням гісторыкаў і фрагментам землянога валу ў нас ёсць агульнае ўяўленне аб памерах і планіроўцы Лыскаўскага замка. Па форме ён быў квадратным, каля 70 на 70 метраў, па кутах размяшчаліся круглыя абарончыя вежы, а перад мурамі былі равы.


Вядома і даволі лагічна, што ў такога месца ёсць і свая крыху жудасная легенда. Так згадваюць, што пасля чарговага крывавага бою ў сцен замка ляжалі целы забітых ваяроў, шмат з якіх былі са шляхетных і багатых сямей. Па чутках мясцовы сялюк здымаў упрыгожванні і каштоўнасці з забітых, але адзін прыгожы пярсцёнак ніяк не даваўся яму і таму ён вырашыў адсекчы палец. Забраўшы гэты пярсцёнак у вёску, сам таго не ведаючы, хлапец наклікаў бяду. Так кожную наступную ноч стаў з’яўляцца прывід, патрабую павярнуць скарб уладару. Аднак жыхары так і не зразумелі, што трэба зрабіць, таму з часам вёска вымерла і знікла.


Фактычна гарадзішча знаходзіцца не ў самім Лыскаве, а ва ўрочышчы побач, ніжэй кропка з размяшчэннем аб’екта на мапе:
У самім аграгарадку можна паглядзець драўляную царкву і руіны старажытнага касцёла. Таксама раю з’ездзіць у гарадскі пасёлак Поразава, там ёсць сядзіба Бутаўт-Андрэйкавічаў, былая сінагога і іншыя цікавосткі.








