Крывошын – гэта даволі цікавая вёска Ляхавіцкага раёна, дзе можна ўбачыць царкву, якую перабудавалі са старажытнага касцёла, менавіта таму ў храма такая нетыповыя архітэктура. Калісьці гэтыя землі належалі Радзівілам, якія перадалі частку маёнтка манахам езуіцкага ордэна (гэты ордэн на тэрыторыі Беларусі быў сапраўды шматлікі). У 1670 годзе ў Крывошыне з’явіўся першы храм, ён быў выкананы з дрэва, а праз 70 год езуіцкі ордэн прыняў рашэнне ўзвесці новы каменны будынак, – ягоная спадчына і дайшла да нашых дзён.

Касцёл асвяцілі ў гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі прыблізна ў 1740 годзе. Першапачатковая мураванка ўяўляла сабою двухвежавую базіліку ў барочным стылі архітэктуры з багатай аздобай.

У канцы 18 стагоддзя Крывошын дастаўся Антонію Тызенгаўзу, па асабістаму рашэнню апошняга караля Рэчы Паспалітай, Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Тызенгаўз, які шмат часу праводзіў у Гродна і сваім палацы ў Паставах, хутчэй за ўсё новаму мястэчку быў і не асоба рады, таму ўжо да 1780 года Крывошын прадаў графу Патоцкаму.


А вось лёс касцёла склаўся сумна, пасля падаўлення паўстання Каліноўскага ў 1863 годзе, парафію закрылі, а храм забралі ва ўлонне праваслаўнай царквы. Даволі хутка скончылася пераробка былога касцёла ў царкву, якую асвяцілі ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

За тым часам царква ў Крывошыне набыла рысы псеўдарускага стылю. Паміж урэзанымі вежамі дабудавалі васьмігранную званіцу, а ў цэнтры храма прарэзалі вялізарны цыліндрычны купал-барабан. Пры гэтым унутраныя інтэр’еры часткова захавалі.


“Новы” праваслаўны храм па-свойму стаў унікальным помнікам архітэктуры Беларусі. Спадабаецца ён вядома не кожнаму, але падобных аб’ектаў, якія сумяшчаюць настолькі розныя стылі архітэктуры, сустрэнеш дакладна нячаста.

Нягледзячы на тое, што вёска Крывошын у 1921 годзе трапіла ў склад Польшчы, храм не сталі вяртаць каталікам або перабудоўваць. Магчыма гэта тлумачыцца тым, што ў суседнім Ліпску пабудавалі ўжо касцёл Святой Марыі ў 1910 годзе, які закрыў патрэбы парафіі.


Свята-Пакроўская царква дзейнічала да 1969 года, пасля чаго храм доўгі час пуставаў, ажно да пачатку 90-ых. У 1994 годзе скончылася вялікая рэканструкцыя і храм адкрылі для прыхаджан, вядуцца службы.


На царкоўнай тэрыторыі захаваўся і невялікі помнік салдатам Першай сусветнай вайны.

Знайсці гэтую цікавостку Крывошына будзе проста, бо храм – дамінанта ўсяго мястэчка. Ад трасы Р43 з’язджайце па ўказальніку і трапіце наўпрост да царквы, ніжэй адзнака на мапе:
У суседнім Востраве (які дарэчы таксама належаў Патоцкім) можна паглядзець драўляную царкву пачатку 20 стагоддзя. Па магчымасці зазірніце ў сядзібу Савейкі і да касцёлу ў Мядзведзічах.








