У Гродне можна паглядзець адныя з найстарэйшых каталіцкіх могілак Беларусі, якія былі створаны ў апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай – у 1792 годзе. Крыху пазней, у 1822 годзе, у цэнтры Фарных могілак на грошы нейкага спадара Студніцкага пабудавана невялічкая капліца па праекце архітэктара Карла Багімеле (ён жа дарэчы выканаў і праект Гродзенскай ратушы).
На гэтых могілках пахаваны многія прадстаўнікі гарадзенскай інтэлігенцыі 19 стагоддзя (сустракаюцца і пазнейшыя пахавання).
Таксама тутака пахавана і вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка са сваім мужам Станіславам Нагорскім.

На гэтых могілках ёсць магіла архітэктара Джузепе Сака, які вызначыўся шматлікімі праектамі ў Гродне (у тым ліку на яго рахунку рэканструкцыя Каралеўскага замка, будаўніцтва палаца Станіславава і сядзібы Тызенгаўза). Тут жа пахаваны Баляслаў Шышкевіч, – майстар і скульптар які выканаў мноства надмагільных помнікаў, размешчаных у тым ліку і на гэтым некропалі.
Могілкавую капліцу перабудавалі напачатку 20 стагоддзя. У 1907 годзе была дабудавана невялічкая вежа-званіца, якая да класічнай архітэктуры дадала ноты неаготыкі.
Вядома такія старыя могілкі проста не маглі не абрасці рознымі чуткамі і легендамі: тут і чарговая паненка-прывід, якая блукае ў белай адзежы, старая жанчына, што ператвараецца ў крумкача, а яшчэ ваяры якія падымаюцца са сваіх магіл. І гэта толькі малая частка такіх гісторый!
На ўскраіне могілак ёсць і яшчэ адзін таямнічы, але ўжо сучасны, аб’ект – гродзенскі «Замак Дракулы». Насамрэч ніякай містыкі ў ім няма. Дом – гэта звычайны катэдж з 90-ых, які будавалі з размахам, але так і не змаглі скончыць.
Акрамя незвычайнай архітэктуры і даволі дзіўнага месцазнаходжання, дом валодае тытулам самага высокага прыватнага дома ў Беларусі.
Знайсці Фарныя могілкі можна на скрыжаванні вуліц Падольнай і Прыгараднай, ніжэй кропка з размяшчэннем на мапе:
Па суседстве з каталіцкай часткай могілак ёсць яшчэ праваслаўныя, якія таксама раю паглядзець.