Часам сапраўды дзівішся незвычайнай архітэктуры якую можна ўбачыць пад час вандровак па Беларусі. Кшталту вось гэтага касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў мястэчку Войстам, Смаргонскага раёну.
Храм збудавалі ў 1939 годзе (але па іншых звестках яго так і не збудавалі). Першапачатковы варыянт архітэктурнага праекта моцна адрозніваецца ад таго што па выніку атрымалася. Так калі паглядзець на фасад Войстамскага касцёла будзе адчуванне, што ён быццам бы і не скончаны.
З адваротнага боку ў касцёла ўжо прасочваюцца рысы архітэктуры неагатычнага стылю. Да асноўнага прамавугольнага аб’ёму прымыкаюць высокія сакрысціі і 5-гранная апсіда. Ніжні ярус храма выкананы з буйнога бутавага каменю, а верхні – з чырвонай і жоўтай цэглы.
Галоўны ўваход вылучаецца дзвюма спецыфічнымі слупамі, якія хутчэй адносяцца да стылю канструктывізм.
Фасад храма ў Войстаме выглядае нейкім куцым і быццам бы абсечаным. Тут амаль няма дэкаратыўных элементаў ці нейкай аздобы.
Дарэчы, сучасны касцёл збудаваны на месцы драўлянага папярэдніка, які стаяў у мястэчку Войстам з сярэдзіны 18 стагоддзя. Цалкам імаверна, што будаўніцтва падтрымаў хтосьці з тагачасных уладароў: ці тое Храпавіцкія, ці тое Бужынскія. Ніжэй здымак на якім можна паглядзець як выглядаў стары храм.

Гэты драўляны касцёл згарэў яшчэ пад час Першай сусветнай вайны.
На касцёльнай тэрыторыі ёсць некалькі старых надмагілляў і статуй.
У 2010 годзе, каля сцен храм быў усталяваны вось такі памятны валун у гонар 600-годдзя Грунвальдскай бітвы (з крыжом і лічбамі).
Ніжэй кропка з адзнакай касцёла на мапе:
У Войстаме яшчэ можна паглядзець старыя каталіцкія могілкі, дзе пахаваны беларускі пісьменнік і паэт Ігнат Ходзька. Таксама звярніце ўвагу на Гарадзішча жалезнага веку і невялічкую прыдарожную каплічку.