Мікалаеўскі касцёл у Міры пачалі будаваць яшчэ напрыканцы 16 стагоддзя. Першапачатковы варыянт храма быў драўляны, а калі Мірскі замак перайшоў ва ўладанні Радзівілаў, то Мікалай Сіротка прыняў рашэнне перабудаваць касцёл з каменя. Новы касцёл у Міры быў асвечаны ў 1605 годзе, а галоўным архітэктарам праекта лічыцца Джавані Марыя Бернардоні (дарэчы менавіта ён датычны да стварэння Фарнага касцёла ў Нясвіжы).
Пасля паражэння паўстання 1863 года касцёл зачынілі, а будынак перарабілі ў праваслаўную царкву. Крыху пазней, у 1876 годзе, перабудавана вежа, верагодна тады і з’явіўся цыбульны купал.

На мяжы Першай сусветнай вайны каталікі у Міры планавалі адбудаваць новы храм, аднак гістарычныя падзеі развіліся імкліва і будоўля так і не была распачата. У 1918 годзе будынак вернуты вернікам, а праз некалькі год адноўлена першапачатковае аблічча вежы.

Храм заставаўся дзейным аж да 1940 года, затым зачынены амаль на паўстагоддзя.
За гэты доўгі час касцёл стаяў занядбаным, яго стан значна пагоршыўся: абваліўся дах і часткова разбурылася вежа (ёсць імавернасць што гэта яшчэ наступства Другой сусветнай вайны).
Каталікам касцёл вернуты напачатку 90-ых, а з 2001 года пачынаецца яго аднаўленне. Сёння храм дзейны і адкрыты для ўсіх ахвочых.
Цікавы факт: пры будаўніцтве касцёла былі знойдзены вялізарныя косткі, як мяркуецца – мамантавы. Доўгі час яны былі выстаўленыя ў храме на ўсеагульны агляд, пра гэта згадвае Адам Міцкевіч у кнізе “Пан Тадэвуш”.

Касцёл Святога Мікалая знаходзіцца ў цэнтральнай частцы гарадскога пасёлка, міма складана праехаць, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Недалёка ад гэтых мясцін размяшчаецца файная вёска Паланечка, дзе можна паглядзець сядзібу Радзівілаў, касцёл і рэшткі млынка. Па шляху да Міру вы зможаце таксама ўбачыць царкву ў Вялікіх Жухавічах і драўляны храм у Малых Жухавічах.