У вёсцы Новая Расна, гэта Камянецкі раён, калісьці знаходзіўся маёнтак Матушэвічаў-Грабоўскіх з вялікай сядзібай і паркам. Большасць будынкаў былога сядзібнага комплексу не захавалася, за выключэннем кальвінскага збору які таксама выконваў ролю капліцы-пахавальні роду Грабоўскіх.
Грабоўскія набылі мястэчка Новая Расна ў 1849 годзе. Пры іх пачалася рэнавацыя ўсяго маёнтка: стары палац дзе жылі Матушэвічы (дарэчы закладзены яшчэ Сапегамі) перабудавалі ў аднапавярховую сядзібу.
Для сваёй радавой капліцы яны выкарысталі стары пратэстанцкі храм, які быў пабудаваны яшчэ ў першай палове 19 стагоддзя (той самы кальвінскі збор).
Па архітэктуры будынак адносіцца да стылю класіцызм. Вылучаецца масіўным порцікам на 4 калонах дарыйскага ордара. Храм выкананы без асаблівых дэкаратыўных элементаў, адзінае ўпрыгожванне – гэта невялічкае акно ў сярэдзіне франтона.
За савецкім часам капліца Грабоўскіх была разрабавана, а сам будынак пачаў павольна разбурацца і злёгку мог паўтарыць лёс велічнага кляштара марыянаў (разабраны на цэглу).

Аднак будынак па выніку прыстасавалі пад складскія патрэбы, што своеасаблівым чынам захавала гэтую гістарычную спадчыну. Да 2014 года былы пратэстанцкі храм у вёсцы Новая Расна нагадваў руіны, пакуль яго не аднавілі.
Знайсці месца проста: з трасы Р102, з’язджайце на вуліцу Сацыялістычная, капліца будзе адразу за крамай.
Недалёка знаходзіцца горад Высокае, дзе можна паглядзець руіны замка Сапегаў, сядзібу Патоцкіх і Троіцкі касцёл.