Калі ехаць па дарозе H6189 можна нават не заўважыць вёску Асташын, а гэта дарэчы адно з найстарэйшых мястэчак Карэліцкага раёна. Калісьці даўно тут стаяў унікальны помнік архітэктуры – кальвінскі збор, які быў закладзены ў другой палове 16 стагоддзя ўладальнікам гэтых зямель – Янам Швыкоўскім.

Кальвінскі збор у Асташыне
Прыкладна вось так выглядаў кальвінскі збор у Асташыне

Гэты страчаны храм уяўляў сабой кампактнае, але магутнае, збудаванне прамавугольнай формы. Дамінанта – чатырох’ярусная вежа, дзе кожны наступны ярус памяншаўся, што дадавала архітэктуры дынамічнасці. Збор меў адзін неф і вялікія тоўстыя сцены, якія былі здольныя не толькі змясціць вернікаў, але і пры неабходнасці абараніць. Па стылі храм быў прыкладам гатычнай архітэктуры са сумессю рэнесансу.

Кальвінскі збор у Асташыне
Той самы ўзгорак, на якім стаяў збор у Асташыне

Што цікава, Швыкоўскія да канца 17 стагоддзя адышлі ад кальвінізму і перайшлі ў каталіцызм. У іх былі спробы пераасвяціць старадаўні храм, але суседзі, Гюнтэры і Отэнхаузы, змаглі выкупіць збор і захаваць яго першапачатковае прызначэнне. Наступныя ўладальнікі Асташына, – Радзівілы, таксама не чапалі збор. Традыцыю кальвінізму працягвалі і Грабоўскія, якім перайшоў Асташын напачатку 19 стагоддзя.

Руіны кальвінскага збору ў Асташыне
Разбураны збор, здымак зроблены ўжо пасля Першай сусветнай вайны

У Асташыне таксама было і 2 сядзібы, якія размяшчаліся недалёка ад кальвінскага збора. А вось праз тое, што сядзібных комплексаў было два, сёння хапае блытаніны і гістарычных перапляценняў.

Сядзіба Булгакаў у Асташыне
так выглядала сядзіба Булгакаў, паркавы бок

Першая сядзіба была пабудавана Швыкоўскімі яшчэ ў 17 стагоддзі. А вось другі сядзібны комплекс, яго таксама ў гісторыі называюць “Асташын Мураваны”, – адносіцца да першай паловы 19 стагоддзя, першапачаткова ім валодалі Грамыкі. Аднак за даўгі, маёнтак канфіскаваны і падзелены сярод некалькіх сем’яў, адна з якіх – Булгакі (так, той самы вядомы фатограф Ян Булгак якраз нарадзіўся ў Асташыне ў 1876 годзе).

Сядзіба Булгакаў у Асташыне
Так сёння выглядае месца, дзе знаходзілася сядзіба Булгакаў-Жывіцкіх

Абедзве сядзібы былі моцна разбураны падчас Першай сусветнай вайны. Па ўспамінах Ян Булгака, які прыязджаў у 1920 годзе ў Асташын, пазнаць родныя мясціны было ўжо немагчыма. Аднак на гэтым гісторыя сядзібы не заканчваецца, бо апошнія ўладары маёнтка, браты Жывіцкія адбудавалі дом з руін. Флігеля, якія можна ўбачыць сёння – гэта як раз ужо іх спадчына.

Разбураная сядзіба ў Асташыне
Так сядзіба выглядала пасля Першай сусветнай вайны

Што да кальвінскага збору – ён прастаяў да 50-ых гадоў, 20 стагоддзя. Напаўразбураны храм не змаглі прыстасаваць для сельскагаспадарчых патрэб і ў перыяд актыўнай антырэлігійнай палітыкі – вырашылі цалкам разабраць.

Руіны храма ў Асташыне

Асташын руіны кальвінскага збору

Ніжэй на фота той самы ракурс, што і зверху. На жаль, знайсці хоць якія-небудзь сляды ці напамін аб тым што тут стаяў трох векавы храм ужо немагчыма.

Асташын
тое самое месца дзе стаяў збор

Ніжэй кропка з месцам, дзе знаходзіўся Асташынскі збор:

Недалёка ад гэтых мясцін можна паглядзець парк, дзе раней знаходзілася сядзіба Верашчакаў “Туганавічы”, а таксама таямнічы камень філарэтаў.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Пожалуйста, введите ваш комментарий!
пожалуйста, введите ваше имя здесь