У Ляхавіцкім раёне захавалася мноства цікавостак, сярод якіх асобна хочацца адзначыць сядзібны комплекс Рэйтанаў у Грушаўцы. Тут захавалася драўляная сядзіба, гаспадарчая забудова, а таксама шыкоўная фамільная капліца-пахавальня. І ўся гэтая гажосць знаходзіцца літаральна за 5 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Ляхавічаў. Да таго ж некалькі гадоў таму тут пачалася рэканструкцыя, якая з пераменным поспехам працягваецца і сёння.


Гісторыя самога маёнтка адсылае нас у далёкае 16 стагоддзе, калі тагачасная Грушаўка (Грашоўка) належала Радзівілам. Да прадстаўнікоў роду Рэйтанаў багатыя землі перайшлі як падарунак ад караля Яна III Сабескага за слугі перад каронай. Імаверна ў тыя часы, а гэта ўжо сярэдзіна 17 стагоддзя, Рэйтаны і аселі на беларускіх землях.


Мабыць адзін з самых вядомых прадстаўнікаў гэтага старажытнага роду – Тадэвуш Рэйтан, заўзяты праціўнік падзелу Рэчы Паспалітай. Ягоная гісторыя вартая асобнай увагі, гэты чалавек адрозніваўся шчырымі прынцыпамі і ідэаламі, якія на жаль яго і згубілі.

А што ж сама сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы? Тое планіровачнае рашэнне сядзібнага комплексу, якое можна ўбачыць цяпер, – гэта заслуга Дамініка Рэйтана, пляменніка Тадэвуша. Менавіта ён пабудаваў аднапавярховы каменны дом з чатырохкалонным порцікам, як гэта выглядала глядзіце на карціне Напалеона Орды.

Цалкам верагодна, што гэта не першы дом на гэтых падмурках, але той пра які захавалася больш за ўсё інфармацыі і звестак.

А вось ужо з дрэва сядзібу перабудавалі напрыканцы 19 – першай палове 20 стагоддзя. Пры гэтым гаспадарчыя і службовыя будынкі заставаліся мураванымі. Што здзіўляе, ужо ў тыя далёкія часы дом быў абсталяваны каналізацыяй і электрычнасцю.




За савецкім часам сядзібу Рэйтанаў выкарыстоўвалі як клуб, а ў пазнейшы перыяд як склад.


Акрамя самой драўлянай сядзібы захаваліся таксама будынкі стайні і гаспадарчых пабудоў. Варта ўвагі пейзажны парк, які разбіты вакол усёй тэрыторыі і бярэ пачатак ад уязной брамы.




А вось капліца Рэйтанаў размешчана за некалькі кіламетраў ад самага маёнтка і маляўніча схавана на ўскрайку лесу.

Як ужо ўзгадаваў, вясной 2020 года пачалася рэстаўрацыя ўсяго сядзібнага комплексу, якая з пераменным поспехам працягваецца і сёння. Вынік насамрэч бачны, вось да прыкладу як выглядала капліца Рэйтанаў 5 гадоў таму і сёння.


Лічыцца, што гэтая пахавальня пабудавана ў самым пачатку 20 стагоддзя, часта згадваецца і канкрэтная дата – 1910 год. Ёсць такое меркаванне, што будаўніцтвам “мініяцюрнага гатычнага храма” займаўся Генрых Грабоўскі, да якога адышлі ўладанні Рэйтанаў і само мястэчка Грушаўка.


Па адной з версій месца для будаўніцтва капліцы выбрана не выпадкова. Тут сканаў Юзэф Рэйтан – апошні ўладальнік і прадстаўнік старажытнага ліцвінскага роду па мужчынскай лініі. Ці так гэта? Можна толькі спрачацца і гадаць. Але дакладна вядома, што акрамя прадстаўнікоў рода Грабоўскіх у капліцы таксама перапахавалі і легендарнага Тадэвуша Рэйтана.

А крыху пазней, на мяжы 30-ых гадоў, у капліцы ўсталявалі і мемарыяльны барэльеф, на жаль ён не захаваўся.


Перад самой пахавальней Грабоўскіх-Рэйтанаў размешчана гатычная арка-брама і агароджа, якія верагодна пабудаваны ў 1928 годзе.


Гісторыя гэтых мясцін даволі блытаная і часта адны факты супярэчаць другім. Так у розных крыніцах можна знайсці згадкі пра марадзёрства і рабаванне капліцы Рэйтанаў. Упершыню гэта здарылася яшчэ ў перыяд Першай сусветнай вайны, калі яшчэ была жывая Аліна з Рэйтанаў. Па ўспамінах афіцэра, мясцовыя жыхары ўварваліся ў капліцу і ўчынілі пагром з рабаваннем. Падобная сітуацыя апісана і на інфармацыйным стэндзе, дзе пазначана яшчэ адна дата – пачатак 70-ых.

Капліца-пахавальня ў Грушаўцы мае яркую архітэктуру з рысамі як гатычнага, так і неагатычнага стылю. Фасад вылучаецца спічастым парталам, франтон завяршаецца вострым шыпцем па баках ад якога пінаклі. Сцены ўпрыгожаны ляпным карнізам з арнаментам, па баках спічастыя вокны. Унутры капліцы мяне сустрэў спакойны чорны кот, які мірна адпачываў і пільна назіраў за няпрошаным госцем.

Каля каплічкі ёсць інфармацыйны шчыт, а таксама мемарыяльны камень у гонар Тадэвуша Рэйтана. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі Беларусі на мапе:
Недалёка ад вёскі Грушаўка знаходзіцца сядзіба Нача і сядзібны комплекс Савейкі, якія рэкамендую ўключыць у маршрут аднаго дня.
І яшчэ крыху старых здымкаў:











