У Мсціславе, акрамя старых храмаў, захаваўся і вось такі ўнікальны помнік архітэктуры эклектыкі – будынак былой мужчынскай гімназіі. Цікавостка знаходзіцца ў гістарычным цэнтры, адразу насупраць касцёла Святога Міхала Арханёла.
Што вядома пра гэты будынак? Калі шчыра – не тое каб і шмат. Гімназію збудавалі з цэглы напачатку 20 стагоддзя – у 1908 годзе. Форма комплексу асіметрычная і складаецца з трох карпусоў.
Найбольш цікавая частка будынка – гэта цэнтральны двухпавярховы корпус. Тут захаваліся дэкаратыўныя элементы: рызаліт і порцік. Асобнай увагі вартыя шырокія арачныя вокны на другім ярусе і вузкія на першым. Усе астатнія аконныя праёмы выкананы ў простай прамавугольнай форме.
Першапачаткова гэты комплекс будаваўся як мужчынская гімназія горада Мсціслаў, але пасля рэвалюцыі 1917 года гімназію перапрафілявалі пад тэхнікум. З заканчэннем Другой сусветнай вайны тутака размясцілася сярэдняя школа нумар адзін, якая дзейнічала да канца 90-ых.
У 2016 годзе быў складзены план па аднаўленні будынку былой мужчынскай гімназіі. Планавалася адкрыць дзіцячую школу творчасці і музейныя залы, аднак гэтую ідэю не ўдалося рэалізаваць.
Зараз будынак цалкам закансерваваны і час ад часу з’яўляецца на аўкцыёнах па продажу нерухомасці. Складана сказаць які лёс чакае гэтую цікавостку горада, але аб’ект сапраўды вельмі цікавы, на жаль пакуль непрывабны для патэнцыйных пакупнікоў.
Паглядзець будынак можна на вуліцы Першамайскай 14, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
У Мсціславе ёсць і іншыя славутасці: царква Аляксандра Неўскага, былы кляштар кармелітаў, гарадзішча “Замкавая гара”.