Нясвіж – багаты на цікавосткі і славутасці горад, таму часам тут можна і не заўважыць некаторыя гістарычныя аб’екты, напрыклад шыкоўныя гандлёвыя рады ля ратушы. Яно з аднаго боку і зразумела, – усіх турыстаў вабіць унікальны будынак самой ратушы, а гандлёвыя рады ўспрымаюцца як яе частка. Што цікава, па сутнасці так яно і ёсць, хутчэй за ўсё, першыя месцы для гандлю з’явіліся адначасова з ратушай, а гэта канец 16 – пачатак 17 стагоддзя.
На жаль не захавалася дакладнай інфармацыі як першапачаткова выглядалі гандлёвыя рады ў Нясвіжы. Сёння прынята лічыць што ў архітэктурным плане яны адносяцца да стылю барока з дробнымі рысамі рэнесансу.
Калі паглядзець на старыя здымкі і малюнкі (большасць з якіх датычацца перыяду сярэдзіны 19 – пачатак 20 ст.), можна заўважыць што кампазіцыйна рады даволі добра захаваліся.
Комплекс утварае своеасаблівы панадворак “П” формы, гэта добра бачна на фота з паветра. Такі выгляд гандлёвыя рады атрымалі ў сярэдзіне 18 стагоддзя, калі перабудоўвалі ратушу. Да гэтага часу, будынкі для гандлю мясціліся толькі паабапал.
З часам (хутчэй у 20 стагоддзе) змяніўся адзін з галоўных архітэктурных элементаў гэтага ўнікальнага аб’екта – перабудаваны аркады, якія ўтваралі нішы, падобныя на тыя, што ёсць у гандлёвых радах у Пружанах.
Пры рэканструкцыі плошчы і ратушы напрыканцы 90-ых, таксама адрамантавалі і рады. Зараз тут працуюць розныя крамкі і кафэ горада.
Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі Нясвіжа на мапе:
Раю таксама паглядзець пейзажны парк і месца дзе знаходзіўся касцёл Святой Кацярыны.