Габрэйская абшчына пачала фармавацца ў Бабруйску яшчэ ў першай палове 16 стагоддзі. Да канца 19 стагоддзя, у горадзе пражывала больш за 20 000 габрэяў, на той момант – гэта каля 70% ад усяго насельніцтва горада. Таму нядзіўна, што спіс бабруйскіх сінагог ішоў на дзясяткі. Па некаторых дадзеных агульная колькасць складала каля 40 сінагог. Большасць гэтых будынкаў сёння страчана, але некаторыя захаваліся і вартыя ўвагі. У гэтым артыкуле сабраў былыя і дзейныя бабруйскія сінагогі ў тым ці іншым выглядзе.

Вялікая сінагога на вуліцы Сацыялістычная 36
Гэты будынак пабудаваны яшчэ напачатку 20 стагоддзя, выкарыстоўвалася як ешыбот (рэлігійная навучальная ўстанова). Аднак у 37 годзе, за некалькі год да пачатку вайны, гэтую вышэйшую яўрэйскую школу Бабруйска закрылі, а ў сценах сінагогі размясціўся вайсковы склад.


Затым, на некаторы час, пабудова пуставала, пасля чаго тут арганізавлі швейную майстэрню.

Напачатку 21 стагоддзя, у 2002 годзе, сінагога вернута іудзейскай абшчыне Бабруйска, будынак аднавілі.

Сінагога на Сацыялістычнай 34
Па суседстве з папярэдняй сінагогай знаходзілася і яшчэ адна, адразу ў суседнім будынку (вось наколькі Бабруйск быў габрэйскім горадам).


За савецкім часам у сценах гэтай сінагогі размясцілася спартыўная заля, нават сёння па гэтым адрасе значыцца гарадскі Дом культуры і спорту, а таксама школа айкідо. Праўда праходзячы міма ўваходу асаблівай актыўнасці не ўбачыў, магчыма выходны дзень.

Сінагога на Пушкіна 110
Пра тое што ў будынку па вуліцы Пушкіна 110, некалі знаходзілася сінагога амаль нічога не нагадвае, але гэта так.

Сёння тут Бабруйскі аддзел камітэта судовых экспертыз Беларусі. Сама пабудова датуецца канцом 19 – пачаткам 20 стагоддзі.

Руіны сінагогі на Чангарскай 29
Даволі доўгі час гэтае месца было занядбамным, аднак у 2019 годзе, намаганнямі рабіна Бабруйска – Шаўля Хабаба, былыя руіны моцна змяніліся і зараз тут ужо невялічкі музей з паркам.



Былая сінагога на Лібкнехце 59
Пад’ехаўшы да будынка па вуліцы Лібкнехта 59, мяне чакала лёгкае расчараванне. Замест старажытнай пабудовы перад вачыма паўстаў тыповы і безаблічны будынак з таннай газасілікатнай цэглы.

Сінагога з’явілася на гэтым месцы напачатку 20-га стагоддзя. Будынак некалькі разоў мяняў уладальнікаў, а ў 1949 годзе савецкія ўлады канчаткова адабралі яго ў габрэяў Бабруйска. Перад былой сінагогай дабудавалі двухпавярховы корпус, які цалкам схаваў гістарычную забудову. На доўгія гады тут размясціўся Занальны Дзяржаўны Архіў.
Сінагога на Дзяржынскага 50
І яшчэ адна бабруйская сінагога амаль у самым цэнтры Бабруйска – на вуліцы Дзяржынскага. Пабудавана напрыканцы 19 стагоддзя, але як і большасць рэлігійных пабудоў за савецкі перыяд не выкарыстоўвалася па прызначэнні.

Першы час, пасля ліквідацыі сінагогі, тут знаходзілася турма міністэрства дзяржбяспекі. У далейшым тут адкрылі цэнтр турызму, а пасля рэканструкцыі цэнтр для моладзі “Бабрыня”.

Былая сінагога па вуліцы Камсамольская 53
Апошняя, але можа адна з найцікавейшых бабруйскіх сінагог, знаходзілася па вуліцы Комсомольская.

Як і ўсе астатнія сінагогі з гэтага спісу – была гвалтоўна зачынена. За часам СССР тут размясціўся мясцовы Дом культуры, які даволі доўга тут і функцыянаваў. Напрыканцы 90-ых будынак быў у заняпадзе і даволі доўга не выкарыстоўваўся.

Пачаўся рамонт, па выніку якога ад архітэктуры і дэкору нічога не засталося. Цяпер сінагога на Камсамольскай 53 нагадвае непрыкметны склад, дзе гандлююць дзвярыма.

У Бабруйску абавязкова раю паглядзець на старыя фартыфікацыя і таксама ўнікальны будынак купчыхі Кацнэльсан.





