Бабруйск – дзіўны і цікавы горад, які зможа здзівіць нават самага дасведчанага турыста, альбо знатака гісторыі. Акрамя класічнага набору славутасцяў накшталт цэркваў, касцёла і радавой забудовы, тут ёсць і свая разыначка – бабруйская крэпасць. Гэта ўнікальны абарончы комплекс, які складаецца з рэдзюітаў, капаніраў, люнетаў, бастыёнаў, казармаў, складоў, вежаў і мноства іншых збудаванняў. Таму калі будзеце ў Бабруйску, то абавязкова сплануйце наведванне гэтага аб’екта.


Крыху гісторыі
Крэпасць у Бабруйску – збудаванне абарончага кшталту, пабудаванае напачатку 19 стагоддзя і прызначанае для фартыфікацыі межаў імперыі. Работы над крэпасцю пачалі ў чэрвені 1810 года і ўжо да вайны 1812 года, дзякуючы прыцягненню некалькіх тысяч сялян і салдат, а таксама выкарыстанню самых новых дасягненняў ваеннай прамысловасці таго часу, яна стала непрыступнай цытадэллю, якая налічвала восем бастыёнаў. Сцены якіх у некаторых месцах былі ў таўшчыню да 10 цаглін, а агульная тэрыторыя Бабруйскай крэпасці складала каля 120 гектараў.


Ёсць і цікавы гістарычны факт – крэпасці ў Бабруйску магло і не быць. Першапачаткова для будаўніцтва разглядаліся зручнейшыя лакацыі: Быхаў, Полацк, Рагачоў. Ідэю будаўніцтва фартыфікацыі менавіта ў Бабруйску прасунуў Тэадор Нарбут – вядомы археолаг, гісторык і вядома інжынер. Так было прынята рашэнне размясціць крэпасць на беразе ракі Бярэзіна.


Безумоўна, такі складаны з інжынернага пункту гледжання аб’ект будавалі ў некалькі этапаў. Так першапачатковыя бастыёны ўзводзіліся па праекце інжынера Карла Апермана. Пасля вайны 1812 года, крэпасць значна разраслася, – пачынаецца так званы другі этап будаўніцтва.

З 1825 года ў складзе крэпасці з’яўляецца турма, куды траплялі самыя розныя “вальнадумцы” свайго часу. Не выключэннем былі і беларускія дзеячы: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Багрым Паўлюк ды іншыя.


20 стагоддзе не было перыядам росквіту крэпасці ў Бабруйску. Фартыфікацыі пачынаюць выкарыстоўваць як лагер для ваеннапалонных – спачатку палякі, потым немцы. У пасляваенныя гады на тэрыторыі ўсяго комплексу размяшчаліся савецкія вайскоўцы.

Што абавязкова паглядзець у Бабруйскай крэпасці?
Вежа Апермана ці «Чырвоная вежа»
Адна з самых вядомых частак Бабруйскай крэпасці, якой уяўляе сабой берагавы люнет, які ахоўваў доступ да фарпоста з паўднёва-ўсходняга боку. Яе назвалі ў гонар Карла Апермана, які распрацаваў план і актыўна ўдзельнічаў у будаўніцтве крэпасці.

Пасля вызвалення сюды прывозілі рэпрэсаваных зняволеных, а з канца 1960-х вежу сталі выкарыстоўваць як следчы ізалятар, па гэтым прызначэнні вежу выкарыстоўваюць да гэтага часу.

Капанір абароны гаржавага вала
Капанір уяўляе сабой фартыфікацыйнае збудаванне, прызначанае для абстрэлу ў двух напрамках. У Бабруйскай крэпасці яны выкарыстоўваліся для абароны равоў, а пасля вайны 1812 года для ўзмацнення абароны левага фланга прыбярэжнага фронту.

У тыльнай частцы збудавання былі зроблены амбразуры і байніцы для вядзення агню ўздоўж умацавання.

Рэдзюіт з капанірам
Рэдзюіт – фартыфікацыйнае збудаванне, якое выкарыстоўвалася для ўзмацнення ўнутранай абароны бастыёнаў.


Знаходзіцца ў цэнтральнай частцы фарпоста і ўяўляе сабой двухпавярховае ўмацаванне грыбападобнай формы, прызначанае для крыжаванага абстрэлу.


На першым паверсе пярэдняй часткі рэдзюіта размяшчаліся складскія памяшканні. На другім – размяшчалася сховішча стралковай прылады.

Мінская брама
Аўтарам праекта быў архітэктар Аляксандр Штаўберт. Брама складалася з трох частак. У цэнтры знаходзіўся праезд у Бабруйскую крэпасць, абсталяваны пад’ёмным мастом з боку рова.

У бакавых памяшканнях размяшчалася кардэгардыі – пакоі для варты.

Казематаваны люнет, які размяшчаецца на завулку Цыялкоўскага, 30. Будынак добра захаваўся і зараз у ім знаходзіцца сховішча для агародніны СВК «Рассвет» імя Арлоўскага.

Першапачаткова ж гэты люнет нёс функцыю абарончага збудавання, якое было пабудавана ў 1854 годзе па праекце штабс-капітана Аляксея Сарокіна.


Бабруйская крэпасць была сведкам трох воін, і гэта нанесла моцны адбітак на яе вонкавым абліччы. Зараз яна ў паўразбураным стане, але на дадзены момант ёй імкнуцца вярнуць былую моц, разглядаюцца праекты рэстаўрацыі ўчасткаў крэпасці.

Таксама большая частка Бабруйскай крэпасці – гэта былыя казармы (кашары), якія раскінуліся на велізарнай тэрыторыі.


Былі планы размясціць на іх месцы гісторыка-культурны комплекс, які мог бы паўнавартастна дэманстраваць і расказваць гісторыю гэтага манументальнага збудавання. Напачатку новага тысячагоддзя гэтая крэпасць у Бабруйску па праве была ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.





