Адна з найпрыгажэйшых птушак, якую можна ўбачыць у Беларусі, – зімародак (Alcedo atthis). Гэта зусім невялічкая па памерах птушка лёгка хаваецца ад вачэй чалавека, сустрэць яе даволі праблематычна. Зімародак звычайны трымаецца надалей і ад іншых птушак, і вядзе крыху такі пустэльніцкі лад жыцця.


Пераважныя месцы пасялення – абрывістыя берагі паблізу чыстых рэк з гацямі. Сілкуецца рыбкамі, часам казуркамі і нават дробнымі рапухамі. Менавіта таму наяўнасць вадаёма – неад’емная частка жыцця зімародка.

Выглядае зімародак як самая сапраўдная экзатычная птушка. Спінка мае насычана бірузовы (сумесь зялёнага і блакітнага) колер з паласой светла-блакітнага і невялікімі яркімі крапінкамі. Брушка і шчочкі – рудаватыя (аранжавыя).


Адрозніць самку і самца складана. Асноўныя адрозненні – памер (самец крыху буйней), дзюба (у самца – цалкам чорная, у самкі ніз мае аранжавы колер).

Зімародак перасоўваецца вельмі хутка і ў асноўным пры дапамозе крылаў, бо лапкі кароткія. Гэта яшчэ адзін фактар, які ўскладняе пошук гэтай прыгожай птушкі: сядзіць на галінках нерухома, а лётае незаўважна.

Зімародкі звычайныя жывуць досыць доўга – каля 15 гадоў. Ствараюць манагамныя пары (праўда бываюць і выключэнні), выводзяць нашчадства да сярэдзіны вясны, а часам паспяваюць нават двойчы (другі раз ужо напрыканцы лета). Птушаняты, як і дарослыя асобіны, патрабуюць вялікі аб’ём корму, таму зімародак праводзіць амаль увесь дзень у пошуку харчэй.
З 1981 года гэтая птушка ўключана ў Чырвоную кнігу Беларусі.









