У Глускім раёне, Магілёўскай вобласці, ёсць аграгарадок Завалочыцы. Гісторыя гэтага мястэчка вядома яшчэ з канца 19 стагоддзя, калі ў гэты край пераехаў Іосіф Жылінскі. Асваенне ім зямель было пачата з будаўніцтва сеткі меліярацыйных каналаў, частка з якіх нават захавалася і сёння. Пазней, прыблізна ў 1888-89 гадах, узведзены будынкі спіртзавода, а таксама закладзена сядзіба.
Будынак самой сядзібы, які можна паглядзець у Завалочыцах, пабудаваны крыху пазней чым бровар, дакладная дата – 1914 год. Ёсць меркаванне, што будоўлю пачалі калі гэтымі землямі ўжо валодалі Гатоўскія.
Будынак былой сядзібы не перабудоўваўся, але яго сённяшні стан даволі сумны. Пабудова гістарычнай спадчынай пакуль не прызнана (на 2020 год).
Побач з сядзібным домам знаходзіцца воданапорная вежа 1954 года і пабудовы былога спіртзавода.
Бровар абнесены агароджай, бачна, што яшчэ зусім нядаўна тут функцыянавала нейкая мясцовая вытворчасць ці прадпрыемства, менавіта таму частка будынкаў у даволі добрым стане.
Але вернемся да гісторыі самаго мястэчка Завалочыцы, якімі Жылінскія валодалі да 1910 года. Новыя ўладальнікі, Гатоўскія, не карысталіся вялікай павагай у мясцовых сялян.
Кацярына Гатоўская, была наравістая і даволі жорсткая. Пры гэтым яна пражывала ў маёнтку ўвесь час і добра дбала за ім, у адрозненне ад мужа. Дзякуючы менавіта яе намаганням тут быў пабудаваны новы сядзібны дом усяго за 2 гады. Праўда толкам пажыць у ім Гатоўскія не паспелі, спачатку вайна, а пасля рэвалюцыя 1917 года.
Як зразумела, для самога сядзібнага комплексу Гатоўскіх такі расклад не абяцаў нічога добрага. У перыяд савецкай улады будынак выкарыстоўвалі пад розныя гаспадарчыя патрэбы, за ваенным часам немцы зладзілі тут камандны пункт.
У пасляваенныя гады будынак былой сядзібы не быў закінуты або разбураны, апошнім ягоным афіцыйным уласнікам стаў УКСП “Саўгас Завалочыцы”, чыя таблічка вісіць тутака і сёння.
Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
Што яшчэ цікавага паглядзець у гэтым краі? Літаральна за пару кіламетраў ад аграгарадка Завалочыцы знаходзіцца вёска Гарадок. Тут захавалася драўляная царква 1814 года, у якой некалі таемна вянчаліся старэйшая дачка Іосіфа Жылінскага з памешчыкам Грыцэнкам.