Напрыканцы вясны 2023 года ў горадзе Заслаўе адкрыўся ўнікальны музей народнага інсітнага мастацтва. Асноўная частка экспазіцыі прысвечана роспісу дыванкоў, гэтым актыўна займаліся мастакі па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Музей беларускай маляванкі размясціўся ў сценах будынка які калісьці быў часткай сядзібнага комплексу Пшаздзецкіх.



Музей уяўляе сабой 2 прасторныя залы, дзе першая ўмоўна прысвечана часовым экспазіцыям і работам самых розных майстроў. Тут ёсць Міканор Зосік, Іпаліт Ворса і мноства менш вядомых аўтараў.


А вось асноўная зала радуе наведвальнікаў 2 вялікімі часткамі. Адна з якіх расказвае пра творчасць і жыццё Алены Кіш – мастачкі са Слуцкага раёна.



Другая частка асноўнай залы – гэта роспіс дыванкоў ад аднаго з самых загадкавых і таямнічых мастакоў Беларусі – Язэпа Драздовіча.


Большая частка работ якія прадстаўлены ў музеі – гэта 30-50ыя гады, мінулага стагоддзя. Менавіта той перыяд лічыцца своеасаблівым росквітам. Пасля 60-ых ручныя дываны з роспісам страчваюць папулярнасць, а на іх месца ўжо прыходзяць фабрычныя вырабы.


На жаль, з часам мноства ручных дыванкоў адправілася на гарышчы ці нават сметніцы. Таму захаваць такое наіўнае мастацтва – задача па-сапраўднаму не з простых.



Стварэнне музея беларускай маляванкі ў Заслаўе і ўся ягоная экспазіцыя – яркі прыклад заслугі энтузіястаў і знатакоў мастацтва, якія збіралі калекцыю дыванкоў ажно з 80-ых гадоў па ўсёй Беларусі. Дарэчы, працы па пошуку новых экспанатаў не заканчваюцца і сёння.


Музей беларускай маляванкі працуе з 9:00 да 17:30, апрача панядзелка (выходны дзень). Уваходны квіток каштуе 5 рублёў, экскурсія 20 рублёў з групы, ёсць зніжкі. Музей знаходзіцца каля чыгуначнай станцыі “Беларусь” на вуліцы Дачная 13, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў Заслаўі, то рэкамендую паглядзець старадаўні храм, які быў закладзены на мяжы 16 стагоддзя і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.








