24 студзеня 2024 года ў 17.00 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вуліца Леніна, 20) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Мастацкаму – 85. Афішы і фотаздымкі”, прысвечаная юбілейнаму году Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Гісторыя музея пачынаецца з 24 студзеня 1939 года, калі была выдадзена пастанова Савнаркама БССР “Аб арганізацыі карціннай галерэі ў горадзе Мінску”. У экспазіцыю ўвайшлі больш за 30 афіш і 35 фотаздымкаў з архіва музея і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Яны адлюстроўваюць самыя знакавыя старонкі музейнай гісторыі, якія пачынаюцца з 1939-га і заканчваюцца падзеямі 2023 года.
Афішы будуць прадстаўлены ў якасці экспанатаў упершыню. Арыгінальнымі маркерамі музейнай гісторыі з’яўляюцца афішы выстаў, лекторыя, канцэртаў, музейных акцый і іншых падзей. Выставачная дзейнасць Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР (1939–1957) (далей – Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (1957–1993), Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (з 1993) вельмі насычаная і разнастайная. Фонд афіш складае больш за 2000 адзінак. На жаль, не захаваліся афішы першых выстаў, якія праходзілі ў Галерэі ў даваенны час (выстава “Мастацтва Беларускай ССР” да Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве (1940), “Ленін і Сталін – арганізатары БССР” (1940), Мастацкія рамёствы народаў СССР з Дзяржаўнага гісторыка-мастацкага музея-запаведніка г. Загорска (1941).
З пасляваеннага перыяду на выставе прадстаўлены найбольш яскравыя экзэмпляры, якія ілюструюць шырокую геаграфію выставачнай дзейнасці музея (ад Аўстраліі і Эфіопіі да ЗША і Японіі), сведчаць аб супрацоўніцтве з вядучымі музеямі свету (Дзяржаўны Эрмітаж, Дзяржаўны музей выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна, Смітсанаўскі інстытут, Пражская Нацыянальная галерэя, Дрэздэнская галерэя, Музей Вікторыі і Альберта, і інш.), дэманструюць разнастайнасць тэхнік (акварэль, літаграфія, афорт, шаўкаграфія, афсетны друк), а таксама з’яўляюцца адлюстраваннем свайго часу.
Самыя раннія афішы ў экспазіцыі, 1945 і 1946 гадоў, змяшчаюць поўны спіс мастакоў-удзельнікаў выстаў, што не характэрна для афіш пазнейшага перыяду. У 1957 годзе на Гродзенскай фабрыцы афсетнага друку быў надрукаваны плакат Беларускага дзяржаўнага мастацкага музея БССР тыражом 500 экзэмпляраў. Плакат змяшчаў інфармацыю аб калекцыях музея, часе працы і адрасе, і адзначаў таксама Міністэрства культуры БССР. Упершыню на афішы прысутнічае прататып лагатыпа, фасад будынка музея, што, безумоўна, падкрэслівае важную падзею – пераезд музея ва ўласны будынак, які быў спраектаваны архітэктарам Міхаілам Бакланавым. Наступны рэкламны плакат музея з’яўляецца толькі ў 1989 годзе: усю плошчу займае твор Івана Хруцкага “Партрэт невядомай з кветкамі і фруктамі”, надпіс у правым верхнім вугле “Дзяржаўны мастацкі музей БССР” – што цікава, на чатырох мовах (беларускай, рускай, англійскай і французскай).
Стварэннем афіш для мастацкіх выстаў займаліся прафесійныя мастакі-графікі, якія атрымлівалі спецыяльныя заказы. Часам яны выкарыстоўвалі адзіны модуль для зменных тэкстаў і выявы твораў, фотаздымкі мастакоў, а часам гэта быў аўтарскі арыгінальны твор. Афішы, размешчаныя ў горадзе на тумбах, спрабавалі заваяваць свайго гледача. Яны часта былі тым каталізатарам, што прыводзілі публіку ў музей. На выставе прадстаўлены афішы мастакоў-графікаў: П. Семчанкі, А. Бетанавай, Я. Лось, С. Саркісава, В. Лядскага, В. Смаляка і У. Васюка. Мастакі часта не падпісвалі свае творы.
Афішы да выстаў “Мастацтва старажытных гарадоў Беларусі IX–XIV ст.” і “Іканапіс Беларусі XVII–XVIII ст.” (1990) у выкананні У. Васюка ўпершыню змяшчаюць лагатып музея, што з’яўляецца візуальным кодам, які можна хутка счытваць у багацці іншай інфармацыі у гарадской прасторы. З 2005 года ў музея з’яўляецца лагатып, які становіцца пастаянным атрыбутам афіш. Пачынаецца візуальнае фарміраванне свайго індывідуальнага фірмовага стылю. Можна сказаць, афішы перасталі выконваць толькі інфармацыйную функцыю, іх значэнне і роля значна пашырыліся. Яны становяцца элементамі музейнага вобраза, першымі ўдзельнікамі музейнай камунікацыі, фарміруюць імідж музея.
Афішы выстаў і іншых музейных падзей апошніх дзесяці гадоў прадстаўлены ў экспазіцыі ў лічбавым фармаце. Паступова фарміраваўся і фонд музейных фотаздымкаў. На выставе прадстаўлены ўнікальныя кадры з адкрыцця Галерэі ў 1939 годзе з першым дырэктарам Мікалаем Міхалапам (1939–1941). У 2020 годзе ў музейны архіў, паступілі копіі фотаздымкаў жніўня 1941 года, зробленых персанальным фатографам Адольфа Гітлера і яго бліжэйшага акружэння, Вальтэрам Фрэнцам. На фотаздымках адлюстравана, як рэйхсканцлер Генрых Гімлер уваходзіць у залы Дзяржаўнай карціннай галерэі ў Мінску. Гэтыя здымкі ў экспазіцыі даваеннай карціннай галерэі – пакуль адзіныя, якія ўдалося адшукаць. Больш за сотню фотыздымкаў перададзена ў музей з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў г. Дзяржынска. Ужо з 1950-ых гадоў у музеі працавалі прафесійныя фатографы, у абавязкі якіх уваходзіла фотафіксацыя музейных падзей і фатаграфаванне музейных рэчаў. На выставе прадстаўлены фотаздымкі, якія адлюстроўваюць час і яго атрыбуты, інтэр’еры экспазіцыйных залаў, выявы наведвальнікаў, а таксама важныя падзеі ў гісторыі музея.