Юрацішкі – гэта даволі цікавае мястэчка ў Іўеўскім раёне, Гродзенская вобласць. Тут можа і не так шмат захавалася гістарычных аб’ектаў, але некалькі цікавостак знойдзецца. Сярод якіх можна вылучыць вось якія: шматпакутная Свята-Мікалаеўская царква, драўляны будынак былой сядзібы Радкевічаў, памятны камень часоў ПМВ, а таксама станцыю чыгункі “Юрацішкі”.
Сядзіба Радкевічаў у Юрацішках
Той будынак, які захаваўся ад былога сядзібнага комплексу Радкевічаў сёння выглядае крыху сумна і сціпла, але мяркуецца, што ён аўтэнтычны і стаіць ці на месцы старой сядзібы, ці нават і ёсць тая самая сядзіба 19 стагоддзя. Гучыць на маю думку гэта малаверагодна, бо будынак драўляны і наўрад ці б захаваўся, але ўсё магчыма.
Радкевічы валодалі гэтымі землямі яшчэ з другой паловы 18 стагоддзя і да 1939 года. Даволі цікавы факт, што першыя звесткі пра Юрацішкі адносяцца да часоў Албрэхта Гаштольда, таго самага, які збудаваў замак у Геранёнах. Хто ведае, можа і ў гэтым краі планавалася пабудаваць нешта падобнае.
Царква Святога Мікалая
Недарма ў гэтым тэксце ўзгадаў Альбрэхта Гаштольда, бо менавіта па ягонаму загаду была закладзена яшчэ першая царква ў Юрацішках, а гэта на хвілінку адбылося ў 1520 годзе. Як разумееце, той стары храм не раз перабудоўваўся, але месца застаецца нязменным.
Архітэктура сучаснай царквы адпавядае выгляду таго храма які быў тут з 1864 года. Апошняя рэканструкцыя адбылася пасля знішчальнага пажару 2012 года, тады царкву амаль што адбудавалі нанава.
Ёсць гісторыя, што падчас Першай сусветнай вайны ў сценах гэтай царквы знаходзіўся нямецкі ваенны шпіталь. Аднак па ўспамінах мясцовых, параненыя жаўнеры, якія тутака лячыліся часцей паміралі, ці ачунялі. Магчыма таму, каля царквы нямецкія могілкі (яшчэ адны ў суседняй вёскі Савічы). Дарэчы з часоў ПМВ захаваўся і вялікі памятны камень.
Ён стаіць на месцы дзе быў штаб нямецкай дывізіі.
У Юрацішках быў калісьці і драўляны касцёл Перамянення Гасподняга. Дакладна невядома, ці паспелі яго скончыць, ці не, бо будаваўся ён у 30ыя гады, мінулага стагоддзя. Ніжэй ёсць здымак 1937 года.

У сучасным гарадскім пасёлку Юрацішкі гэтаксама ёсць касцёл Перамянення Гасподняга. Пабудаваны ў 2003 годзе на вуліцы Кастрычніцкая.
Чыгуначная станцы “Юрацішкі”, вёска Ляпешкі
Гэтая станцыя Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі фактычна адносіцца да іншага населенага пункту, але яе амаль заўсёды разглядаюць агулам з гарадскім пасёлкам Юрацішкі, які ў асноўным яна і абслугоўвае.
Станцыя з’явілася ў канцы 19 стагоддзя, затым перабудавана ў першай палове 20 стагоддзя, хутчэй за ўсё ўжо за пасляваенным часам.

Гэтая невялічкая станцыя размешчана на лініі Маладзечна-Ліда, дзесьці паміж прыпынкамі Даўгердзішкі і пунктам Лабачы.
Архітэктура будынка даволі цікавая, асобна трэба вылучыць тут франтоны ў стылі мадэрн.
Юрацішкі будуць годнай кропкай у вашым турыстычным ці вандроўным маршруце па Беларусі. Ніжэй адзнака населенага пункта на мапе:
Недалёка можна паглядзець неагатычны касцёл у Лаздунах і заехаць у горад Іўе.