Недалёка ад Ваўкавыска ёсць гістарычнае мястэчка Ізабелін дзе ўсе ахвочыя змогуць паглядзець на стары касцёл, праваслаўную царкву, радавую забудову 20 стагоддзя, а таксама будынак сінагогі, які сёння аднаўляюць энтузіясты. Першыя звесткі пра Ізабелін адносяцца да першай паловы 16 стагоддзя, тады гэты населены пункт меў іншаю назву – Петуховічы ці наўпрост Петухова. За сваю доўгую гісторыю гэтыя землі былі ўласнасцю прадстаўнікоў самых розных радоў: Яновічы, Дарагастайскіх, Сапегаў, Флемінгі, Грабоўскія, Стравінскіх і некаторых іншых.
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла
Адна з галоўных цікавостак у Ізабеліне – гэта безумоўна касцёл, ці дакладней – былы кальвінскі збор, які збудавалі па загаду Яна Грабоўскага, тагачаснага ўладара маёнтку.
Даволі цікавы факт што каталіцызм прыйшоў у Ізабелін дастаткова позна, звесткі пра мясцовую суполку датуюцца толькі 1931 годам. Ёсць меркаванне, што старадаўні храм нават у 20 стагоддзі заставаўся кальвінісцкім. Але ўсё змянілася пад час Другой сусветнай вайны. Драўляны касцёл згарэў, таму мясцовым каталікам дазволілі збірацца ў старым збору.

З 1970 года храм стаяў зачыненым і пакрысе разбураўся, ёсць згадкі што тут адбыўся пажар і цалкам выгараў дах. Вернікам будынак павярнулі ў 1989 годзе, а да 1992 года касцёл ужо быў дзейны і адноўлены.
Касцёл вырашаны кампактным прамавугольным у плане аб’ёмам з паўкруглай апсідай, накрытымі агульным 2-схільным дахам. Архітэктура прадстаўлена масіўнымі формамі і спрошчанымі прапорцыямі. У сілуэце дамінуе 1-ярусная чацверыковая званіца са зрэзанымі вугламі і пакатым шатровым пакрыццём. Сіметрыя галоўнага фасада падкрэслена нізкім прамавугольным уваходным праёмам і высокім арачным акном над ім (асвятляе хоры).
На тэрыторыі касцёла знаходзяцца магілы апошняга евангельскага святара – Феліцыяна Курнатоўскага і ягонай жонкі.
Свята-Міхайлаўская царква
На рыначнай плошчы Ізабеліна таксама можна паглядзець на царкву, якую збудавалі прыкладна за тым жа самым часам, што і касцёл – другая палова 18 стагоддзя. Некаторыя крыніцы ўказваюць дакладную дату – 1778 год. Першапачаткова храм быў уніяцкім, але пасля ліквідацыі ўніі царква адышла да праваслаўя. У 1863 годзе часткова перабудавана, але агулам захавала першапачатковую архітэктуру барока.
За савецкім часам царква заставалася дзейнай і імаверна не закрывалася. Па суседстве з храмам Святога Міхаіла стаіць даволі цікавы будынак радавой забудовы Ізабеліна, які чымсьці нават нагадвае гандлёвыя рады.
Асобнай увагі варта і сінагога 18 стагоддзя.
Будынак сёння актыўна аднаўляюць і павяртаюць яму першапачатковы выгляд. Бачна што яшчэ трэба шмат прыкласці намаганняў, але спадзяюся што ў людзей якія гэтым займаюцца ўсё атрымаецца.
У пасляваенныя гады сінагогу ў Ізабеліне выкарыстоўвалі пад самыя розныя патрэба, тут нават нейкі час працаваў мясцовы бар з крамай. Ніжэй стары здымак, на якім можна ўбачыць як будынак выглядаў.

Ніжэй кропка з адзнакай касцёла ў Ізабеліне:
Раю таксам паехаць у Падароск і паглядзець сядзібу Чачотаў.