У Дзісне, Віцебскай вобласці, ёсць некалькі гістарычна значных аб’ектаў, у спіс якіх уваходзіць касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, руіны павятовага шпіталя, Васкрэсенская царква, а таксама ў гэты спіс можна дадаць паромную пераправу Дзісна–Луначарскае.
Паромная пераправа Дзісна – Луначарскае
У самым маленькім горадзе Беларусі, – Дзісне, ёсць даволі незвычайная цікавостка – паромная пераправа праз Заходнюю Дзвіну. Вядома незвычайная яна толькі для турыстаў, а для мясцовых жыхароў хутчэй паўсядзённы від транспарту, які злучае Дзісну і Луначарскае.
Паром працуе не ўвесь год, а звычайна з канца сакавіка і па канец кастрычніка. Гэта паслуга бясплатная і даволі папулярная, таму калі захочаце пераправіцца з аднаго берага на іншы, то плануйце паездку загадзя і трымайце ў запасе хаця б гадзіну.
З Дзісны паром адпраўляецца кожную гадзіну, пачынаючы з 7:00 і заканчвае сваю працу ў 20:00. З берага “Луначарскае” адпраўленне ў N-30, ніжэй таблічка з раскладам (фота зроблена ў 2022 годзе, жнівень).
Звычайна паром абслугоўвае 2 чалавекі, адзін кіруе і кантралюе рухавік (ён дарэчы ад трактара Т-25), другі падымае шлагбаум і сочыць за парадкам. Адлегласць паміж берагамі невялікая, каля 250 метраў і пераадольваецца ў сярэднім за 3-5 хвілін, але эмоцыі гэты працэс выклікае толькі станоўчыя.
На пароме чыста і акуратна, стаіць бытоўка для працаўнікоў.
Для пасажыраў абсталяваны месцы для чакання з падстрэшкам.
На гэтай своеасаблівай баржы змяшчаецца каля 6-8 машын. Інфармацыі аб абмежаванні па колькасці людзей не знайшоў, таму верагодна возьмуць усіх у межах разумнага.
Пагрузка і выгрузка па жывой чарзе, заехаць і з’ехаць на паром не складана, асаблівых навыкаў не трэба, проста крыху ўважлівасці.
Руіны павятовага шпіталя ў Дзісне
Рэшткі павятовага шпіталя, маляўніча размяшчаюцца на беразе Заходняй Дзвіны. Дарэчы, гэты шпіталь будаваўся па тыпавым праекце напачатку 20 стагоддзя, у 1902 годзе.
Будынак актыўна выкарыстоўвалі пад медыцынскія патрэбы аж да 1943 года. Падчас вызвалення Дзісны шпіталь моцна пацярпеў, тады згарэў дах, а таксама драўляныя перакрыцці.
Даволі доўга былы шпіталь стаяў напаўзакінутым, пакуль мясцовыя ўлады ўсё ж такі не вырашылі яго аднавіць (сярэдзіна 20 стагоддзя). Праўда сітуацыя рэзка змянілася ў 1959 годзе, бо Дзісненскі раён ліквідавалі, значнасць горада стала зніжацца і неабходнасці ў аднаўленні ўжо не бачылі вялікага сэнсу.
Так з часам былы павятовы шпіталь у Дзісне канчаткова перайшоў у стадыю руіны. І калі фасад выглядае ўсё яшчэ даволі нядрэнна, то задні бок ужо канчаткова згублены. Знайшоў цікавую інфармацыю: так у 90-ыя была ідэя адбудаваць будынак і размясціць у ім завод па вытворчасці свечак. Чаму праект не рэалізавалі, сказаць складана.
А як шпіталь выглядаў у свае лепшыя гады можна ўбачыць на старых даваенных здымках.


Звярніце ўвагу на ўзровень вады (верхні здымак), раней павадкі злёгку маглі затапіць некаторыя вуліцы горада.

Цікавы факт: аналагічны шпіталь быў пабудаваны за 230 кіламетраў ад Дзісны, у Ашмянах. Праўда лёс сабрата склаўся значна лепш.
Калі абысці руіны, то знойдзеце выдатнае месца для назірання за паромнай пераправай Дзісна-Луначарскае.
Касцёл у Дзісне
Каменны храм датуецца 1773 годам, але і да гэтага, на гэтым самым месцы, стаяў драўляны касцёл, які узвялі яшчэ ў 1583 годзе. За сваю доўгую гісторыю храм не аднойчы перабудоўваўся і зменьваўся. Так у 1831 годзе, кляштар францысканцаў, пры якім дарэчы і дзейнічаў касцёл, быў ліквідаваны. У выніку дзіснаўскі храм заставаўся зачыненым амаль 10 гадоў, пакуль у 1839 годзе яго не зрабілі парафіяльным.
Напрыканцы 19-га стагоддзя касцёл моцна пацярпеў у пажары, верагодна тады ж і згарэў кляштарны корпус. З 1883 і да 1919 гады храм функцыянаваў ужо як праваслаўная царква.

На жаль, да нашых дзён не захавалася незвычайная цагляная вежа-званіца, якая размяшчалася справа ад уваходу ў касцёл. Гэтая вежа, як і плябанія пры касцёле, была знішчана падчас баявых дзеянняў у 1941 годзе.

Пасля заканчэння вайны касцёл у Дзісне стаяў напаўразбураным, без даху. Мясцовыя католікі хацелі аднавіць храм, але не атрымалі дазволу, а ўжо ў 1958 годзе будынак узарвалі. Уцалелі толькі часткі сцен, на аснове якіх у далейшым і будзе адбудаваны сённяшні храм.
Так у 2007 годзе пачаліся актыўныя будаўнічыя работы, у выніку якіх касцёлу было вернута яго першапачатковае аблічча, менавіта якое і можна ўбачыць на старых здымках.

Думаю сёння яшчэ нельга казаць, што рэканструкцыя цалкам скончана. Застаецца вялікі масіў самых розных работ, да таго ж імаверна што плануецца атынкаваць і пафарбаваць сцены.
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Пушкіна і Кірава, каля берага ракі Заходняя Дзвіна.
Васкрасенская царква ў Дзісне
Яшчэ адна славутасць у Дзісне – гэта царква сярэдзіны 19 стагоддзя, размешчаная ў гістарычным цэнтры горада. Васкрасенскі храм пабудаваны ў 1870 годзе з цэглы, у традыцыйным для таго часу неарускім стылі архітэктуры. Дамінуючае становішча займае масіўная трох’ярусная вежа-званіца.
За савецкім часам царкву ў Дзісне закрылі, а будынак выкарыстоўвалі пад складскія патрэбы. Вернікам храм павярнулі ў 1989 годзе і амаль адразу мясцовыя праваслаўныя жыхары пачалі рэканструкцыю. Калі патрапіце ўнутр храма, то абавязкова звярніце ўвагу на ўнікальны цудатворны абраз «Дзісненская Адзігітрыя».

Нягледзячы на кампактныя памеры горада, Дзісна багата на славутасці і цікавосткі. Акрамя таго што пералічыў у гэтым спісе раю ўважліва паглядзець старую забудова канца 19 – першай паловы 20 стагоддзя. Шмат цагляных будынкаў захавалася ў Дзісне з тых часоў.
Ніжэй кропка з адзнакай месца дзе знаходзіцца рэшткі шпіталя, адкуль і раю пачаць аглядаць горад.
Недалёка ад гэтых мясцін можна паглядзець Цмокаву пячору.