Пасёлак Краснае – гэта даволі буйны населены пункт, выцягнуты ўздоўж трасы Р28, які злучае Мінск і Маладзечна. Са славутасцяў тут варта паглядзець Свята-Пакроўскую царкву і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Каменны касцёл з жоўтай цэглы быў закладзены ў архітэктурным стылі неаготыка, які быў папулярны на пачатку 20 стагоддзя.
Храм уяўляе сабой аднавежавую базіліку, якая мае бакавыя рызніцы, спічастыя вокны, пяцігранную апсіду, нішы і праёмы.
Касцёл у пасёлку Краснае будаваўся з 1908 па 1911 гады, асвечаны ў 1912 годзе – гэтая дата ёсць і на фасадзе.
Унутры касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі размешчана некалькі алтароў. Галоўны быў названы ў гонар узнясення на неба Дзевы Марыі. Адмысловую атмасферу стварае арган, які быў зроблены Вацлавам Бернадскім у 19 стагоддзі ў Вільні.
Цікавы элемент – бакавыя дзверы з абодвух бакоў касцёла. Па памеры не саступаюць цэнтральнаму ўваходу, але не зусім зразумела з якой мэтай іх будавалі.
На заднім двары ёсць сапраўдны артэфакт – крыж разбуранага касцёла ў Дубраве.
Характэрна, што касцёл у Красным з моманту адкрыцця дзейнічае амаль без перапынкаў. Ён не закрываўся, як гэта часта здаралася з іншымі храмамі падчас савецкай улады.
Напрыканцы 80-ых храм быў на рэстаўрацыі. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі бачны з любой кропкі Краснага, бо быў узведзены на ўзвышшы. Адзінае, да яго даволі складаны пад’езд, паварот да храма непрыкметны, таму будзьце ўважлівыя. Акрамя неагатычнага касцёла ў пасёлку Краснае знаходзіцца і Пакроўская царква 1889 года.
Храм можна назваць досыць тыпавым. З сярэдзіны 19 стагоддзя, такія цэрквы з’яўляліся па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Храм пабудаваны з буйнога бутавага каменю і цэглы ў архітэктурным стылі рэтраспектыўна-рускі. Работы па ўзвядзенні царквы пачаў настаяцель Васіль Гушкевіч.
Дамінанта Свята-Пакроўскай царквы – высокая трох’ярусная вежа-званіца, верхавіна якой стылізавана пад купал.
Цікавы факт: афіцыйная дата будаўніцтва царквы ў Красным – 1889 год, аднак часам сустракаецца і іншая дата – 1860 год. Так на браме перад храмам можна знайсці выкладзеныя з каменя лічбы 1-8-6-0. Таму, верагодна, царкву пачалі будаваць раней, а ўжо ў 1889 годзе перабудавалі.
Гэтыя храм знаходзяцца бадай у самым цэнтры пасёлка Краснае, ніжэй кропка з адзнакай касцёла на мапе: