Калісьці ў Сенненскім раёне, у мястэчку з гучнай назвай Беліца, знаходзіўся адзін з найбагацейшых маёнткаў Віцебшчыны. Сёння пра тыя часы нагадваюць рэшткі сядзібы Свяцкіх у аграгарадку Пламя. З тапонімамі тут праўда ёсць невялікая блытаніна, бо маёнтак які называўся Беліца за савецкім часам быў раздроблены на Старую, Новую, Малую і ўжо пазней вёску Пламя (Полымя). У летапісе сустракаюцца згадкі аб гэтых землях ужо ў першай паловы 16 стагоддзя. Сярод вядомых уладальнікаў мястэчка: Глебавічы, Зяновічы, Сапегі і зразумела тыя самыя Свяцкія – з прозвішчам якіх звязана сядзіба з незвычайнай васьміграннай вежай.


Мяркуецца, што першым уладальнікам Беліцы са Свяцкіх быў Іосіф (сярэдзіна 19 стагоддзя). Менавіта ён пачаў будаўніцтва класічнага сядзібнага дома, заклаў спіртзавод, а таксама цагляную фабрыку, сырзавод, карчму і пейзажны парк.


А вось работы па пашырэнні маёнтка працягнуў Карл Свяцкі, – сын Іосіфа. Так будаўніцтва вежы з порцікам – ягоная заслуга. Будавалася яна з 1909 па 1911 гады, што цікава, як і ўвесь будынак сядзіба, вежа выканана з фірмовай цэглы Свяцкіх, якую выраблялі якраз у Беліцы. Пахадзіўшы па руінах былога палаца без асаблівых праблем можна адшукаць кляймо на старой цэгле.

Для работ над гэтай вежай Карл запрасіў польскага архітэктара Уладзіслава Мячкоўскага. Лічыцца, што незвычайная пабудова служыла своеасаблівай майстэрняй для Станіслава Свяцкага.


Палац Свяцкіх меў 18 пакояў з даволі простымі інтэр’ерамі, але багатым убранствам. Тутака былі і рэдкія калекцыйныя прадметы, бібліятэка са старымі кнігамі, карціны, рарытэтная мэбля.


З прыходам савецкай улады ў 1917 годзе сядзіба была нацыяналізавана, а прадстаўнікі роду Свяцкіх спешна выехалі ў Варшаву. Усе гаспадарчыя пабудовы і прадпрыемствы сталі асновай будучага саўгаса “Пламя” і “Старая Беліца”. У самым сядзібным доме спачатку навучаліся маладыя трактарысты, падчас Другой сусветнай вайны – немцы ўладкавалі штаб, затым была школа, Дом Культуры і бібліятэка.

Як гэта часта бывала тады, напрыканцы 80-90ых, струхлелыя старадаўнія маёнткі проста кідалі на апеку прыроды і мясцовых жыхароў. Праўда гісторыя палаца ў Беліцы крыху адрозніваецца – тут сапраўды былі спробы адрэстаўрыраваць спадчыну, але працы так і не скончылі, рэстаўратары паспелі зняць толькі стары дах. Верагодна гэта толькі паскорыла разбурэнне сядзібы.

Ёсць і цікавы гістарычны факт: у першай палове 20 стагоддзя, з 1903 па 1904 гады, у Старой Беліцы працаваў Іван Дамінікавіч Луцэвіч, будучы паэт Янка Купала.

Самыя апошнія размовы пра аднаўленні будынка адносяцца да 2009 года. Тады латвійская кампанія амаль што дамовілася з Сененскім выканкамам і нават склала праект рэканструкцыі, але і гэтыя працы так і не пачаліся. Па выніках, на 2025 год, ад сядзібы засталіся руіны, якія ўсё больш складана супаставіць са старымі здымкамі з архіва сям’і Свяцкіх.


Не абышло гэтыя мясціны і легенда аб згубленым скарбе Напалеона. Па чутках, Карл Свяцкі вылавіў амаль 800 пудоў каштоўнасцяў, якія нібы адступаючы палкаводзец схаваў у мясцовым возеры. Напэўна – гэта моцна перабольшаная байка, бо 800 пудоў гэта амаль 13 тон, што фізічна немагчыма.

Акрамя фамільнага маёнтка, Свяцкія ў Беліцы арганізавалі буйное прадпрыемства, якое ўключала бровар, сыраварню, некалькі заводаў, а таксама стайні, кароўнікі і розныя дапаможныя будынкі. Сёння на жаль уся гэтая спадчына ў руінах, але нават у такім стане ўражвае памерамі.


Будаваўся гэты гаспадарчы двор у некалькі этапаў, як і палац. Першыя будынкі ўзводзіліся ў сярэдзіне 19 стагоддзя Іосіфам Свяцкім, а ягоную працу з энтузіязмам працягнуў сын Карл. Так ужо да першай паловы 20 стагоддзя, Полымя ўяўляла сабой сучаснае мястэчка, дзе нават выраблялі сыр пад уласны маркай “Dobra Bielica Karla Swiackiego”.


Як ужо пісаў, пасля 1917 года ўсё прадпрыемства Свяцкіх стала асновай для будучага саўгаса “Пламя”. Цікава, што шматлікія будынкі выкарыстоўваліся амаль па прамым прызначэнні ажно да 90-ых гадоў.

Своеасаблівым напамінам аб тых часах служыць знак серп і молат, усталяваны на ўездзе ў вёску.

Ніжэй фатаграфіі бровара, крыўдна, што яшчэ ў пачатку 2000-ых будынак стаяў цалкам цэлым.


А вось былая стайня з карэтнай.


Гэты будынак ёсць і на старым здымку першай паловы 20 стагоддзі.


Лёс і гісторыя маёнтка Свяцкіх даволі сумная, але яе складана назваць нетыповай, такія працэсы адбываліся па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Калі адбылася рэвалюцыя 1917 года, большасць заможных сем’яў былі вымушаныя бегчы, пакідаючы ўсю сваю маёмасць, а тыя хто не з’язджаў скончвалі дрэнна. Свяцкія вырашалі з’ехаць у Варшаву і ўжо больш ніколі не павярталіся да родных мясцін.

Гаспадарчы двор знаходзіцца недалёка ад вадаёма, адразу пасля знака серп і молат трэба згарнуць направа, а руіны палаца будаць ля невялічкага вадаёма, ад трасы Р15 хвілін 5 язды, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў гэтым краі, то раю таксама з’ездзіць у вёску Чарэя і паглядзець на маляўнічыя руіны “Белай” царквы.








