З аб’ектаў манументальнай архітэктуры Слоніма трэба абавязкова наведаць храм, які знаходзіцца ў самым цэнтры сучаснага горада – гэта касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі пры былым кляштары бернардзінак.
Храм пабудавалі ў стылі барока ў сярэдзіне 17 стагоддзя для сясцёр ордэна бернардзінцаў, якія пераехалі з Вільні. Адна з асаблівасцяў касцёла – тое, што да галоўнай вуліцы ён звернуты алтаром, а цэнтральнага ўваходу як такога і няма зусім (добра відаць на фатаграфіі ніжэй).

Касцёл бернардзінак у Слоніме збудавалі на сродкі Канстанціна і Кацярыны Юдзіцкіх, спачатку з дрэва, а ўжо праз некаторы час з’явіўся мураваны кляштар. У 1690 годзе касцёл асвяціў арцыбіскуп Віленскі Канстанцін Бжастоўскі.

Праз 70 гадоў пасля пабудовы была праведзена першая мадэрнізацыя храма. У той час на тэрыторыі Беларусі быў росквіт ракако, магчыма гэта і натхніла майстроў на будаўніцтва ў касцёле аж 5 алтароў у гэтым архітэктурным стылі.

Будынкі кляштара бернардзінак прыбудаваны шчыльна да храма і складаюць з ім адзіны архітэктурны ансамбль.
Цікава, што мураваныя карпусы кляштара пачалі ўзводзіць значна пазней, чым сам касцёл, толькі праз 100 гадоў.
За сваю доўгую гісторыю слонімскі бернардзінскі касцёл шмат разоў цярпеў ад розных разбурэнняў, таму яго архітэктура пакрысе зменьвалася з цягам часу. Найбольш моцныя змены ў вонкавым выглядзе адбыліся пасля аднаўлення храма, якое праходзіла да 1793 пад кіраўніцтвам архітэктара Ігнація Абадовіча.
Падчас кіравання імператара Аляксандра II, была забарона прымаць у манастыр новых паслядоўніц, таму кляштар паступова апусцеў, а будынак прыйшоў у заняпад.
У 1907 годзе будынак касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі пачалі рэстаўрыраваць. У ходзе гэтай мадэрнізацыі барочны храм набыў некаторыя рысы класіцызму.
Сёстры ордэна жылі і служылі ў кляштары да прыходу савецкай улады, пры якіх сясцёр выгналі, а ўваходную браму ў касцёл разбурылі. Напачатку 2000-ых браму пачалі адбудоўваць нанава, а фінішныя работы скончылі зусім нядаўна.
Касцёл у Слоніме адкрыты для наведванняў, знаходзіца на вуліцы Першамайская, 11.
Калі вы пройдзеце крыху далей па вуліцы, зможаце ўбачыць яшчэ адну славутасць – Спаса-Праабражэнскі сабор. Акрамя таго, на рынкавай плошчы захавалася адна з найстарэйшых сінагог Беларусі.