Адна з самых цікавых і незвычайных сінагог Беларусі знаходзіцца ў прыгожым горадзе Слонім, што ў Гродзенскай вобласці. Збудаваная ў далёкім 1648 годзе з рысамі архітэктурнага стылю барока. Слонімская сінагога па ўзросце саступае толькі Харальнай сінагозе ў Гродне.

Тоўстыя сцены, высока ўзнятыя вокны і даволі строгі дэкор будынка толькі пацвярджаюць гістарычныя звесткі аб тым, што сінагога будавалася як абарончае збудаванне. Але вядома сінагога выконвала і сваю асноўную функцыю – была цэнтрам яўрэйскай абшчыны.


Безумоўна ўвагу прыцягвае фасад, які з’яўляецца сапраўдным упрыгожваннем усяго будынка. Барочны порцік з невялічкім акном і фальш-калонамі выглядае сапраўды шыкоўна нават у такім занядбаным выглядзе.
Унутры сінагога мае цалкам традыцыйную планіроўку, уласцівую большасці іўдзейскіх храмаў.
Галоўная зала займае амаль увесь аб’ём будынка, скляпенні якога абапіраюцца на 4 калоны, якія фарміруюць біму (*з гэтага збудавання звычайна і вядуцца службы, а рабін зачытвае Тору).
Калоны бімы ўпрыгожаны роспісамі і ляпнінай, нейкім цудам усё гэта захавалася да нашых дзён.

Унутры, акрамя бімы, можна ўбачыць сінагагальны каўчэг (арон а-кодэш). Уяўляе сабой адмысловую нішу, дзе захоўваліся скруткі Торы. У Слонімскай сінагозе арон а-кодэш размяшчаецца за фасаднай сцяной, яго дэкаратыўнае аздабленне часткова захавалася.
Частка фота інтэр’ераў у гэтым артыкуле зроблена з жаночага аддзялення храма, балкона Эзрат-Нашым (мужчыны і жанчыны ў юдаізме моляцца асобна).

На мяжы 1881 года яўрэйскі цэнтр пацярпеў у выніку пажару. Нягледзячы на забарону ўладаў, сінагога была адноўлена на сродкі мясцовых яўрэяў.

Малітоўны дом ці Вялікая сінагога, працавала да 1939 года. А ўжо пасля Другой сусветнай вайны будынак сінагогі ў Слоніме выкарыстоўвалі як звычайны склад.
Напачатку 2000-ых, стары будынак перадалі ў распараджэнне іўдзейскага аб’яднання. Былі сціплыя спробы кансервацыі, але на жаль, славутасць працягнула прыбываць у благім стане.

Дзесьці ў канцы 2020 года, будынак прадалі на аўкцыёне. Новая ўладарка, – маладая пісьменніца з Мінска, планавала аднавіць унікальны помнік архітэктуры Беларусі і прыцягнуць сродкі на рэканструкцыю. Але ў 2022 годзе стала зразумела, што гэты план рэалізаваць не атрымалася і ў хуткім часе старажытны будынак зноўку трапіў на баланс мясцовых улад.
Сінагога стаіць у самым цэнтры горада, на вуліцы Савецкай, таму вы без праблем зможаце яе адшукаць. Цікава што першапачаткова тут была старая гандлёвая плошча, якая са стагоддзямі ператварылася ў мясцовы рынак. Слонімская сінагога безумоўна займае цэнтральнае месца сярод усіх славутасцяў і цікавостак горада, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Побач па вуліцы ёсць яшчэ некалькі цікавых аб’ектаў: касцёл і кляштар бернардынак, Спаса-Праабражэнскі сабор. Таксама рэкамендую паглядзець як выглядае Слонім у анімэ Код Гіяс.