Даволі часта з пасёлкам Першамайск узнікае блытаніна, звязаная з яго гістарычнай і савецкай назвай. Сядзібны комплекс Завішаў з’явіўся менавіта ў мястэчку Кухцічы, якое знаходзілася на тэрыторыі, дзе сёння размяшчаецца сельскагаспадарчы ліцэй. Аднак вёска Кухцічы таксама існуе і была яшчэ дарэчы да будаўніцтва сядзібы (знаходзіцца прыкладна за 4 кіламетры на поўнач ад Першамайска). Так што калі захочаце ўбачыць сядзібу, то ехаць трэба менавіта ў Першамайск.

Ад сядзібы 19 стагоддзя, якую будавалі прадстаўнікі роду Завішаў, захаваліся 2 флігелі, часткова пейзажны парк, вадзяны млын, стайня і некаторыя іншыя гаспадарчыя пабудовы.

Галоўная частка маёнтка – класічны палац, які да нашых дзён не дайшоў, яго можна ўбачыць на карціне Напалеона Орды.

Па форме і архітэктуры ён вельмі падобны з бакавымі флігелямі, толькі вялікіх памераў.
Яшчэ адзін цікавы аб’ект на тэрыторыі маёнтка – кальвінскі збор, які Завішы ў пачатку 19 стагоддзя выкарыстоўвалі як фамільную капліцу.
Ужо пазней, пры Яне Казіміры Завішы, які быў даволі вядомым археолагам і даследчыкам, прадстаўнікоў роду хавалі ў так званай “Уздзенскай пірамідзе“.
Лічыцца, што будаўніцтвам сядзібы займаўся Казімір Завіш, а апошнім уладальнікам была яго праўнучка – Марыя Магдалена. У 1919 годзе права на пражыванне і валоданне землямі яна страціла, пасля чаго з’ехала ў Швейцарыю, у жаночы кляштар ордэна дамініканаў.
Ніжэй здымак сядзібнага дома, які зроблены да 1929 года.

Сядзібу Завішаў верагодна перабудавалі ў жылы дом, які размяшчаецца паміж 2 флігелямі. Ёсць і іншая версія, што будынак цалкам згарэў, а ўжо на яго падмурку будавалі новы дом.

Побач з правым флігелем некалькі гадоў таму адкрылі алею і невялічкі музей трактарнай тэхнікі.
У глыбіні парка можна ўбачыць яшчэ некалькі будынкаў часоў Завішаў.
Будынак стайні часткова перабудавалі і зараз ён выкарыстоўваецца пад патрэбы ліцэя.
Перад уваходам на тэрыторыю былога сядзібнага комплексу ёсць нешта накшталт КПП, але звычайна ўсіх жадаючых прапускаюць без праблем.
Калі будзеце ў гэтых краях, то таксама рэкамендую з’ездзіць у Станькава.