Літаральна ў 20 кіламетрах ад Ліды, калі рушыць у бок Гродна, можна паглядзець адразу некалькі цікавостак у вёсцы Тарнова. З’язджайце з трасы М6 на Р11 і амаль адразу патрапіце да былой сядзібы Маўросаў.
Мяркуецца, што назва мястэчка Тарнова паходзіць ад імя першага ўладальніка гэтых зямель Пятра Тарноўскага, праўда першапачаткова гучала як Тарнаўшчызна (ці Тарноўшчына). Жонкай Тарноўскага напрыканцы 17 стагоддзя стала Ганна Завіш, якой належала суседняя вёска Белагруда (там дарэчы знаходзіцца шыкоўны касцёл). Затым гэтыя землі пераходзілі да Радзівілаў, Андрэйкавічаў, Кашыцаў, а ў 1866 годзе пад моцным ціскам былі прададзены расійскаму графу Дзмітрыю Мікалаевічу Маўросу з імем якога і вядома сядзіба ў Тарнова.
У 1880 годзе Дзмітрый Маўрос пачынае актыўна ўкладаць сродкі ў развіццё свайго маёнткаТарнова. Ён грунтоўна перабудоўвае сядзібу-палац, адкрывае бровар, разбівае вялікі пейзажны парк, а таксама будуе і жылыя дамы для працоўных.
Асаблівым здабыткам маёнтка ў Тарнова была асабістая бібліятэка з уражальнай калекцыяй кніг. Акрамя сядзібнага дома захаваліся і розныя гаспадарчыя пабудовы, лядоўня, а таксама незвычайны вятрак. Як раз справа ад сядзібы можна паглядзець будынак дзіўнай трохкутнай формы – гэта былая лядоўня.
Таксам варты ўвагі млын, які размешчаны крыху на адлегласці ад парку і сядзібы.
Напрыканцы 19 стагоддзя, у 1899 годзе, Дзмітрый Маўрас памёр і сядзіба перайшла да яго сына. У 1921 годзе, Тарнова – частка Міжваеннай Польшчы, а ў 39-ым вёска увайшлі ў склад БССР. Пасля вайны, былы палац выкарыстоўвалі пад розныя саўгасныя патрэбы.
Пасля развалу СССР сядзібны дом у Тарнова даволі доўга пуставаў, але на мяжы 2010-ых гадоў была праведзена рэканструкцыя будынка пад жылыя кватэры. З трох бакоў былі зроблены асобныя ўваходы і лесвіцы. На сённяшні дзень дом жылы, усе кватэры заняты.
Размяшчэнне на мапе: