У Беларусі хапае цікавых і незвычайных сядзібных комплексаў, але часам іх стан не самы лепшы. Таму калі бачыш прыемнае выключэнне, як палац Гатоўскіх у Чырвоным (Красным) Беразе, – ад душы цешышся гэтаму. Дарэчы гісторыя Чырвонага Берага не пачынаецца і не заканчваецца Гатоўскімі, але менавіта пры іх тутака і з’явілася шыкоўная сядзіба.


У вёсцы з прыгожай назвай Чырвоны Бераг гэты мадэрнісцкі, ці як яшчэ адзначаюць, – эклетычна-неагатычны палац быў збудаваны ў 1893 годзе, на самым беразе ракі Добасна.


Архітэктарам гэтага палаца выступіў спадар Віктар Аляксандравіч Шрэтэр, які сапраўды здолеў надаць будынку дзіўных нотак.

Калі аглядаць сядзібу, ненаўмысна шукаеш яшчэ такія прыклады на тэрыторыі Беларусі, але да галавы так нічога і не прыходзіць.


Пры Гатоўскіх з’явіўся і прыгожы сад, так званага англійскага стылю са мноствам рэдкіх дрэў, некаторыя з якіх можна нават паглядзець і сёння.

На ўваходзе на тэрыторыю маёнтка Гатоўскіх, вас будзе сустракаць вялікая ўязная брама. Яна пабудаваная ў стылі неаготыкі з крыху мудрагелістымі гранёнымі вежкамі. А вось колер і тынкоўка – гэта ўжо адбітак савецкага часу.

Як і сам палац, брама з’явілася на самай мяжы 20 стагоддзя. Агульная архітэктура тут відавочна.


Падобныя брамы – гэта звычайная частка любога сядзібнага комплексу таго часу. Аднак, не шмат якія брамы захаваліся ў такім добрым стане. Таксама вакол усёй сядзібнай тэрыторыі размешчаны масіўны плот з чырвонай цэглы.

Асобнай увагі трэба надаць залам і пакоям палаца, бо тут свайго роду даведнік па гісторыі архітэктурных стыляў. Тут у інтэр’ерах спалучаюцца элементы самых розных напрамкаў: гатычны, раманскі, ракако, барока, класіцызм. Дадайце да ўсяго безліч шыкоўнай аздобы, мэблю і артэфакты 19 стагоддзя – атрымаецца цукерачка для турыстаў і наведавальнікаў.



Рэканструкцыя і рэстаўрацыя палаца ў Чырвоным Беразе была запланавана яшчэ ў 1993 годзе. Трэба адзначыць, што нават тады будынак выглядаў даволі добра і захаваў шмат сваіх файных асаблівасцяў: дзіўныя вежы, дахоўку, гаргуллі над стрэхам, ну і канешне аголеная цэгла – фірмовы стыль архітэктара Шрэтэра.

Пасля 2015 года – асноўныя работы па аднаўленню сядзібы былі скончаны і комплекс адчыніў дзверы для ўсіх ахвочых.


Аднак трэба вярнуцца да гісторыі палаца, бо шмат у якіх крыніцах вы сустрэнеце назву “Палац Козел-Паклеўскіх у Чырвоным Беразе” і на тое ёсць нагода, бо пасля Гатоўскіх наступным уладаром сядзібы як раз стаў Вікенцій Альфонсавіч Козел-Паклеўскі. Менавіта ён са сваёю жонкай Марыяй былі апошнія гаспадары ў мястэчку Чырвоны Бераг. Падчас рэвалюцыі 1917 года ўвесь маёнтак быў нацыяналізаваны, а Козел-Паклеўскія цудам паспелі ўратавацца і з’ехаць у Варшаву.

Сходам 1920 года, Народны камісарыят пастанавіў арганізаваць тутака сельскагаспадарчы тэхнікум.

Сходам 1920 года, Народны камісарыят пастанавіў арганізаваць тут сельскагаспадарчы тэхнікум. Калі звярнулі ўвагу на шыльду на ўваходзе, то спадчына гэтай установы ўсё яшчэ тут, а дакладна “Краснабярэжскі аграрны каледж”. Частка пабудоў адносіцца ўжо да савецкага часу і моцна выбіваецца з агульнага аблічча, але як ёсць.


На падыходзе да палаца ўбачыце яшчэ і флігель, які па сваёй архітэктурнай форме можа даць рады шмат якім іншым сядзібам Беларусі.

Таксама на тэрыторыі палаца захаваліся і некаторыя іншыя гаспадарчыя пабудовы часоў Гатоўскіх і Козел-Паклеўскіх.


У палацы працуе музей, ладзяць экскурсіі. Час працы: з 8:00 і да 17:00, але ўваходны квіток трэба паспець набыць да 16:30. Квіток – 10 рублёў для дарослых, 5 – для дзяцей. Ніжэй кропка з адзнакай сядзібы на мапе:
У гэтым краі раю абавязкова наведаць і палац у Жылічах, а для аматараў незвычайнага – паромная пераправа Парычы-Чырвоны Бераг.








