Вёска Каштанаўка знаходзіцца ў Пружанскім раёне, Брэсцкай вобласці. Мясціны тут цікавыя, з багатай гісторыяй, якая пачынаецца ў другой палове 16 стагоддзі, калі фальварак яшчэ называўся Чахец. Гэтыя землі пераходзілі ад аднаго шляхецкага роду да другога, пакуль у 19 стагоддзі Каштанаўка не стала ўласнасцю Дзяконскіх і менавіта з гэтым прозвішчам будзе звязаны лёс сядзібы.

Росквіт маёнтка Чахец адбыўся пры Альбіне Дзяконскам, менавіта пры ім была пашырана сядзіба, а таксама створаны парк.


Сядзіба ўяўляла сабой асіметрычны будынак прамавугольнай формы, каля 36 метраў у даўжыню. Асноўная частка – аднапавярховая, на высокім цокалі, крыху лявей дабудаваны двухпавярховы, так званы, панскі корпус.

Галоўны або парадны ўваход вылучаўся чатырохкалонным ганкам з трохкутным фронтам.

З паркавага боку сядзібы, таксама ёсць фігурныя калоны, але выкананыя з металу.


Яшчэ адзін элемент дэкору, які варты ўвагі і нават часткова захаваўся – гэта падлога, выкладзеная блакітнай пліткай з арнаментам.

Як і для большасці падобных сядзіб на тэрыторыі Беларусі, 1939 год прынёс спусташэнне і пакуты. Апошні законны уладальнік – Януш Дзяконскі сасланы ў Сібір. Яго жонка, Марыя Орда, і сын цудам паспелі збегчы ў Варшаву, пакінуўшы родныя мясціны.


За ваенным і пасляваенным часам большасць каштоўнасцяў і антыкварыяту, які захоўваўся ў сядзібе, беззваротна страчаны. Пасля 50-ых гадоў, у сценах будынка размясцілася адміністрацыя мясцовага калгаса, а прыгожая назва “Чахец” саступіла больш простай і зразумелай – “Каштанаўка”.


Бліжэй да 90-ых, стары будынак сядзібы паступова прыходзіць у занядбанасць. Напачтку 2000-ых, гэтую цікавостку Пружанскага раёна спрабавалі некалькі разоз выратаваць – выстаўлялі на аўкцыён. У 2016 годзе нават паспяхова, была падпісана дамова куплі-продажу.

Такім чынам былая сядзіба Дзяконскіх, 0,7 гектараў зямлі, а яшчэ будынак бровара прыкладна за 11 тысяч даляраў адышлі прыватнаму прадпрымальніку.


На момант напісання гэтага артыкула (2021 год, жнівень) ва ўсю ішлі будаўнічыя работы. Некалькі працоўных разбіралі завалы і рыхтавалі паверхні для аднаўлення.


Плануецца, што сядзіба Дзяконскіх стане музеем з гасцініцай. Будзе цікава прыехаць сюды праз некалькі гадоў і паглядзець як ідуць справы.


Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
Недалёка ад вёскі Каштанаўка часткова захаваўся яшчэ адзін маёнтак – сядзіба Трэмбіцкіх. Таксама варта заехаць і ў Пружаны, дзе ёсць розныя аб’екты: касцёл, сядзіба-музей Швыкоўскіх, гандлёвыя рады, сабор.





