Прыгранічныя Лынтупы, Віцебскай вобласці, даволі цікавы турыстычны напрамак, а адна з галоўных цікавостак гэтага мястэчка – сядзіба Бішэўскіх, якая апошнія некалькі гадоў знаходзілася на рэканструкцыі. Сёння сядзібны комплекс паўстае ў даволі дзіўным выглядзе. Тэрыторыя выспы (так-так сядзіба знаходзіцца на штучным востраве) – абгароджана і нават часткова ахоўваецца, а сама сядзіба ў Лынтупах амаль цалкам адрэстаўраваная, але ўсё ж відавочна што работы не скончаны.


Пра багатую гісторыю Лынтупаў вядома дастаткова шмат, а першыя летапісныя згадкі адносяцца да канца 14 стагоддзя. Сярод вядомых уладальнікаў можна вылучыць Гільзенаў (маёнтак у Асвеі) і Бучынскіх, аднак найбольшы ўнёсак застаўся за Бішэўскімі, якія валодалі гэтымі землямі з 1854 па 1939.


Цікаўна, што на працягу 19 стагоддзі ў Лынтупах не было аніякай рэзідэнцыі, не кажучы ўжо пра палац. Бучынскія (якія як памятаеце валодалі Лынтупамі да Бішэўскіх) у асноўным жылі ў Болькаве, імаверна такі ж выбар зрабілі і Бішэўскія. Будаўніцтва фамільнай рэзідэнцыі ў Лынтупах распачаў Юзаф Бішэўскі напрыканцы 19 стагоддзя. Менавіта яго заслуга, што ў гэтых краях з’явіўся шыкоўны архітэктурна-паркавы комплекс.


Сядзібу эклектычнай архітэктуры скончылі да 1907 года, за праект адказваў вядомы майстар таго часу – Тадэвуш Раствораўскі (дарэчы ён жа працаваў над палацам у Шчучыне і сядзібай Путкамераў у Больцініках).

Па сваёй форме палац-сядзіба асіметрычна, на левай крайняй восі мае трохузроўневую вежу.

Асобнай увагі заслугоўваюць фасады. Так дзве пары калон фланкіравалі асноўную вось палаца, дзве адзіночныя стаялі ля кутніх слупоў, а яшчэ чатыры калоны, таксама адзіночныя, размяшчаліся паабапал порціка.

Каланаду завяршала карнізнае ўпрыгожванне з шырокім фрызам. На яго абапіраўся балкон, агароджаны балюстрадай. Пад порцікам знаходзіліся шырокія каменныя ўсходы на ўсю яго шырыню.

Асабліва багата быў аздоблены верхні рызаліт. Упрыгожваў яго шэсць паўкалон, падвоеных па баках, адзіночных пасярэдзіне. Цэнтральны псеўдарызаліт завяршаў шырокі карніз, увянчаны атыкай. Падобна быў аформлены і паркавы фасад.

Што да інтэр’ераў, – тут амаль няма ніякай інфармацыі і фатаграфій. Згодна з нямногімі існуючымі дадзенымі, у холе асаблівую ўвагу прыцягваў вялікі камін з фігурамі ў чалавечы рост па баках. У адной з гасціных стаяў гарнітур мэблі ў стылі Людовіка XV. Палац з усім яго багаццем быў разрабаваны падчас Першай сусветнай вайны. У міжваенны перыяд Бішэўскія маёнтак не згубілі, але і не імкнуліся яго аднавіць.

Асабліва трапятлівае стаўленне ў Юзэфа Бішэўскага было да парку. Тут былі як старыя дрэвы яшчэ з часоў Гільзенаў, так і новыя насаджэнні. Адным з найбольш жывапісных элементаў паркавага комплексу стала вялікая сажалка, выкапаная перад фасадам палаца. Была тут і шыкоўная краявідная тэраса, абкладзеная каменнымі плітамі, для адпачынку ўладальнікаў. У Бішэўскіх быў план значна пашырыць і палепшыць водную сістэму ў Лынтупах, але да пачатку вайны ў 1914 годзе яны гэтага не паспелі зрабіць. Апошнім скончаным элементам стаў арачны масток.

На тэрыторыі парка, які атачае палац з усіх бакоў і перасечаным звілістымі алеямі, раскіданыя розныя будынкі Бішэўскіх, якія часам служылі практычным мэтам, напрыклад лядоўня, але ў большасці сваёй мелі выключна дэкаратыўнае прызначэнне.

Адным з іх быў павільён, узведзены ў класічным стылі, з фасадамі, падзеленымі на сегменты пілястрамі і шасцікалонным франтонам, запоўненым ляпнінай з расліннымі матывамі.

Да нашых дзён пабудова не захавалася, паглядзець на яе можна толькі на старых фота. Затое злева ад палаца зможаце ўбачыць флігель, рэканструкцыя якога цалкам скончана.

На іншым беразе праглядаецца масіўная вежа, – гэта не частка замка або абарончае збудаванне, а былая вяндлярня.

Побач з вежай-вяндлярняй захаваўся вялікі бровар. Усе гэтыя будынкі планавалася аднавіць і выкарыстоўваць пад розныя турыстычныя мэты.

Да палаца ў Лынтупах вяла дарога ад касцёла, а на тэрыторыі стаяла цудоўная каменная брама ў стылі неабарока. Яе ўпрыгожвалі высокія слупы варот, увянчаныя ярка выяўленымі прафіляванымі карнізамі з вазамі і гірляндамі. Як разумееце, аб’ект гэты не ацалеў, пры дбайным пошуку знайшоў толькі падмуркі.

Вось так выглядала брама ў лепшыя гады:

Легенда аб будаўніцтве сядзібы Бішэўскіх
Як і належыць, сярод мясцовых існавала рамантычная легенда. Сутнасць яе наступная: Юзэф Бішэўскі, які замовіў будаўніцтва сядзібы ў Лынтупах, закахаўся ў французскую прыгажуню, а яна паабяцала выйсці за яго замуж, калі той пабудуе дастойны для яе дом, так і з’явіўся маёнтак. Аднак францужанка не ацаніла намаганяў Юзэфа і не выканала абяцанне, вярнуўшыся ў Парыж. Праўда гэта ці не, сказаць ужо складана, але такая вось гісторыя захавалася.

Што зараз адбываецца з сядзібай?
Сказаць складана. Вось такім плотам сустракае сядзіба, абыйсці яго не атрымаецца, бо ўсе магчымыя ўваходы зачыненыя, адзіны варыянт – пралезці збоку ад плота, але гэта на вашу рызыку.

У 2010 годзе, кампанія “Eco Club”, якая займаецца турызмам у Беларусі, набыла з аўкцыёну лынтупскую сядзібу. Доўгія гады ўзгадненняў праекту, яшчэ некалькі год актыўных прац і вынік быў амаль бачны, але нешта пайшло не так. Магчыма ў інвестара проста скончыліся грошы ці жаданне. У любым выпадку сёння сядзіба выглядае зноў даволі закінутай, шчыра спадзяюся, што проста прыехаў не ў той дзень.


На падыходзе да сядзібы Бішэўскіх сустрэўся вось такі дзіўны дамок з чырвонай цэглы. Першае ўражанне – будынак груба абрэзаны, так гэта ці не, сцвярджаць не буду.

У гэтым будынку некалі размяшчалася дзіцячая музычная школа.

Сама сядзіба ў пасёлку Лынтупы пакінула прыемныя ўражанні, нягледзячы на шэраг відавочных пытанняў. Застаецца толькі верыць што ў хуткім часе будзе зразумела які лёс чакае гэтае ўнікальнае месца. Ніжэй кропка з размяшчэннем славутасці на мапе:
Што яшчэ паглядзець у гэтых краях? У цэнтры Лынтупаў варта заехаць у Андрэеўскі касцёл, а калі адправіцца ў бок горада Паставы, то наведайце вёску Камаі.





