Гарадскі пасёлак Сапоцкін знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці, на самай мяжы Беларусі з Літвой і Польшчай. Гісторыя ў мястэчка багатая і насычаная, вядома, што ёсць тутака і годныя цікавосткі сярод якіх эклектычны касцёл, старыя могілкі з дзвюма капліцамі-пахавальнямі, а яшчэ ў Сапоцкіне знаходзіцца ўнікальны музей Пісанкі.


Каменны касцёл быў пабудаваны яшчэ ў канцы 18 стагоддзя, у тыя часы Сапоцкін меў іншую назву – Тэолін. Аднак лёс таго касцёла даволі блытаны і поўніцца прабелаў. Па ўсёй імавернасці, дзесьці ў другой палове 19 стагоддзя каталіцкі храм закрылі, а крыху пазней перадалі ва ўласнасць жаночаму праваслаўнаму манастыру. Будынак павярнулі мясцовым каталікам толькі ў 1916 годзе, затым, ужо перад пачаткам Другой сусветнай вайны, храм мо грунтоўна перабудавалі, а мо і зусім разабралі да падмуркаў. Так у кнізе Федарука “Старинные усадьбы Гродненщины” згадваецца што ўладальнік гэтых земляў – Пётр Гурскі спансіраваў будаўніцтва новага касцёла ў Сапоцкіне. Таму магчыма, што храм быў усё ж цалкам адбудаваны нанова.


Сваё актуальнае аблічча, якое і можна ўбачыць сёння, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Іасафата Кунцэвіча набыў у 80-ыя гады мінулага стагоддзя. Менавіта ў гэты перыяд былі адноўлены вежы. Па архітэктуры таксама хапае спрэчак. Першапачатковы варыянт меў барочную архітэктуру, а пасля перабудовы будынак больш адносіўся да стылю класіцызм, а цяпер – хутчэй гэты ўсё ж эклектыка.


Цікавы момант датычацца трохарачнай брамы, якая захавалася нязменнай з канца 19 стагоддзя, таму хутчэй за ўсё яна старэйшая чым касцёл.

Злева ад уваходу ў храм размяшчаецца невялічкая кастніца.

Касцёл займае дамінуючае становішча ў забудове гарадскога пасёлка і добра бачны яшчэ на пад’ездзе. А вось на ўскрайку Сапоцкіна можна наведаць старадаўнія каталіцкія могілкі, на якіх захаваліся дзве капліцы-пахавальні.

Тая што лявей належала Дзяконскім, а тая што справа – Гурскім. Абодва гэтыя роды былі добра вядомыя ў Гродзенскім раёне і ўнеслі значны ўклад у развіццё рэгіёну.
Капліца-пахавальня Дзяконскіх
Гэта пахавальня пабудавана Яўстафам Дзяконскім у 1868 годзе для сваёй памерлай жонкі Юліі. Дзяконскія былі прадстаўнікамі дробнай шляхты і валодалі маёнткам Баля Вялікая.


У гэтай жа самай капліцы, напрыканцы 19 стагоддзя, пахаваны і сам Яўстафій, праз акенца нават бачная памятная шыльда: “Сыны і нявестка, якія сумуюць пасля страты любімага бацькі». Па архітэктуры каплічка адносіцца да стылю псеўда-готыка, вылучаецца трохкутным шчытом на фасадзе з невялікай чатырохграннай вежкай. Вокны і ўваход зроблены спічастымі, сцены абліцаваны каменем з дробнай крошкі.

Капліца-пахавальня Гурскіх
Побач з гэтай пахавальняй знаходзіцца фамільная капліца роду Гурскіх, якая збудавана была крыху пазней – у 1873 годзе. Гэтай сям’і належала каля 11 маёнткаў у Гродзенскім раёне, сярод якіх і мястэчка Радзівілкі.

У шмат якіх крыніцах пазначаецца што дата будаўніцтва пахавальні – 1893 год, але верагодна гэта памылка, бо на фасадзе ўсталявана таблічка з лічбамі – “1873”.


Будаўніцтвам гэтай фамільнай капліцы-пахавальні займаўся Пётр Гурскі для свайго бацькі Юзэфа. Пасля смерці, ён і яго сын, будуць таксама пахаваны на могілках у Сапоцкіне. Пахавальня Гурскіх пабудавана ў неагатычным стылі архітэктуры, фасад упрыгожаны трыма вежкамі, складанымі нішамі і карнізамі.


Дарэчы, каталіцкія могілкі ў Сапоцкіне не менш цікавыя чым гэтыя капліцы. Напрыклад каля брамы звернеце ўвагу на каменныя статуі Святых.


Наўпрост перад капліцамі ёсць даволі незвычайны склеп, дзе магчыма пахаваны сваякі Дзяконскіх ці Гурскіх. Тутака ж знаходзяцца магілы польскіх салдат, забітых у 1939 годзе. Крыху на адлегласці надмагілле генерала Юзэфа Альшын-Вільчыньскага.

Да могілак ад цэнтра гарадскога пасёлка вядзе вуліца з прыгожай назвай Тэалінская, з’езд каля Сапоцкінскага Лясніцтва, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Яшчэ адна вартая славутасць гэтага раёна – палацава-паркавы ансамбль Валовічаў у Свяцку і вядома – Аўгустоўскі канал.








