Калі вы ўбачылі сярэдняга памеру птушку з характэрнымі чорнымі стракацінкамі на брушку, якая сядзіць на ягадных дрэвах, то ёсць даволі высокая доля верагоднасці што гэта дрозд-рабіннік ці па-іншаму дрозд-піскун (Turdus pilaris). У Беларусі птушка лічыцца пералётнай, але злёгку можа заставацца і на зімоўку.
У адрозненне ад многіх іншых дроздаў, рабіннікі гняздзяцца калоніямі, што дапамагае ім абараняцца ад драпежнікаў. Узімку звычайна ствараюць даволі вялікія зграі і такім чынам вандруюць у пошуках ежы.
Афарбоўка ў піскуна даволі пазнаваемая: галава шэра-блакітная, спіна бураватая, крылы цёмна-карычневыя, грудзі і бакі з характэрнымі рудымі плямамі і цёмнымі стракацінкамі. Хвост чорны з белаватым нізам, а дзюба жоўтая з цёмным кончыкам, лапкі карычневытыя. Дрозд-рабіннік жыве ў лясах, парках, на лугах, але часта наведвае нават і гарады, асабліва ўзімку, калі актыўна шукае мясціны дзе шмат рабіны і іншых ягадных кустоў.
Гняздзяцца гэтыя дразды звычайна з траўня па ліпень. Самка будуе гняздо ў форме чары з травы, глебы, імху, размяшчаючы яго на дрэве альбо кустоўі. У кладцы звычайна 5–6 блакітнавата-крапчатых яек, якія самка наседжвае каля двух тыдняў. Птушаняты застаюцца ў гняздзе каля 14 дзён, а потым пачынаюць асвойваць наваколле.
Беларуская назва гэтай птушкі звязаная з яе любоўю да рабіны, якая складае значную частку зімовага рацыёну. У некаторых краінах Turdus pilaris называюць «скандынаўскім дроздам», бо ўзімку ён масава мігруе ў паўднёвыя рэгіёны Еўропы.