Пружаны – унікальны горад з багатай гісторыяй, дзе дакладна ёсць што паглядзець. Уважлівыя наведвальнікі горада могуць заўважыць, што на мясцовым гандлёвым цэнтры ёсць мурал з нейкім храмам – гэта былая Прачысценская царква, а першапачаткова касцёл. На жаль, будынак не захаваўся да нашага часу, але тое, што калісьці такі храм тутака стаяў – яшчэ памятаюць.



Гісторыя гэтага храма адсылае нас у 1820 год, калі стары драўляны касцёл, што месціўся на гандлёвай плошчы, было прапанавана замяніць на новы, – мураваны. Вырашэння такога складанага пытання, так бы мовіць, зацягнулася на доўгія гады, але па выніку, у сярэдзіне 19 стагоддзя, намаганнямі Валенція Швыкоўскага працэс запусціўся.


Так у 1857 годзе будаўніцтва новага касцёла распачалося, а Швыкоўскі нават загадаў бясплатна вырабляць цэглу на сваёй цагельні ў вёсцы Палянава. Аўтарам праекта касцёла запрасілі выбітнага архітэктара Генрыка Марконі, які і пачаў узводзіць велічную двухвежавую і трохнававую базыліку ў стылі неарэнесансу. Памеры храма сапраўды ўражвалі: каля 42 метраў у даўжыню і 23 метра ў шырыню.

Але будаўніцтва велічнага касцёла скончыць так і не паспелі, калі сцены былі ўзведзеныя і заставалася зусім крыху, выбухнула паўстанне 1863-64 года, якое ўсё змяніла – недабудаваная святыня была канфіскаваная на вайсковыя мэты і хутка перададзеная ў праваслаўнае ведамства.

Храм загадалі перабудаваць. Так у выніку наступных пераробак з касцёла на царкву пабудова была завершана дэкаратыўнаю, глухою драўлянаю 8-граннаю вежаю над галоўным фасадам і такім жа купалам над цэнтрам бляшанага даху. Усе вежы і купал завяршыліся шлемападобнымі купаламі, бакавыя фасады цэнтральнай навы па цэнтры мелі 3-вугольныя франтоны. Менавіта такі выгляд царквы можна пабачыць на старых паштоўках і здымках.

Прачысценская царква дзейнічала прыкладна з 1890 года і ў такім выглядзе святыня праіснавала яшчэ паўстагоддзя. Аднак храм быў значна пашкоджаны абстрэламі і пажарам падчас баёў у 1944 годзе. У 50-ыя ад царквы заставаліся руіны, а напачатку 60-ых будынак быў канчаткова знесены. З часам на ягоным месцы збудаваны гандлёвы цэнтр.

Ніжэй кропка з месцам дзе знаходзіўся гэты храм у Пружанах:
У горадзе раю таксама паглядзець старыя гандлёвыя рады і сядзібу Швыкоўскіх.












