У другой палове снежня 2022 года ў Мінску з’явілася новая турыстычная кропка з гістарычным кантэкстам – гэта часткова адноўлены фасад першай гарадской электрастанцыі (трансфарматарнай падстанцыі).


Будаўніцтва гэтай электрастанцыі ў Мінску пачалося ў канцы 19 стагоддзя, а ў студзені 1895 года аб’ект ужо ўвялі ў эксплуатацыю. Гэтую падзею сапраўды варта назваць прарыўной і важнай, падобныя станцыі на той момант існавалі толькі ў Санкт-Пецярбургу, Кіеве і Маскве. Першая ж у свеце электрастанцыя з’явілася ў Лондане, у 1882 годзе.

Адным з ініцыятараў будаўніцтва выступіў даволі вядомы губернатар Мінска (з 1890 па 1901 год) Караль Гутэн-Чапскі. Нешта падказвае, што рашэнне дадаць элементаў неагатычнай архітэктуры ў прамысловы аб’ект стала менавіта яго ідэяй. Як ніяк Чапскія на той момант пражывалі ў даволі незвычайных і прыгожых месцах (палац у Прылуках, сядзіба ў Станькава) і густ у архітэктуры дакладна мелі.

Ужо напачатку 20 стагоддзя электрычнасцю ад станцыі сілкаваліся не толькі найбліжэйшыя дамкі, а таксама большасць крам, храмаў, банкаў, фабрык і тэатраў Мінска. Да 1912 года электрастанцыя была мадэрнізавана, а яе магутнасць значна павялічана. Аднак і гэта не стала мяжой, у 1926 году першая мінская электрастанцыя ўжо забяспечвала электраэнергіяй вялікую частку горада.


Цікавы факт: гэтым прадпрыемствам па-сапраўднаму ганарыліся, сюды можна было нават схадзіць на экскурсію па нядзелях (з 13:00 да 15:00) і агледзець абсталяванне.

Каля адноўленага фасада трансфарматарнай падстанцыі ёсць і яшчэ адна вартая дэталь – гэта макет усяго прадпрыемства, дзякуючы якому можна ўявіць размах электрастанцыі.

За савецкім часам комплекс ужо былой электрастанцыі выкарыстоўвалі пад розныя патрэбы, у тым ліку спартовыя. У 2011 годзе іх знеслі для будаўніцтва гатэля сеткі “Kempinski”.


З адваротнага боку адноўленага фасада ёсць тры рэльефныя пано, стылізаваныя пад арачныя вокны.


Яшчэ адзін элемент усёй кампазіцыі – гэта мемарыяльная сцяна ў памяць партызанам, які абараняліся ў сценах электрастанцыі ад нямецкіх салдат.

Знаходзіцца гэты аб’ект на праспекце Незалежнасці, каля маста праз раку Свіслач, ніжэй кропка на мапе:
Іншы цікавы прамысловы помнік Беларусі – Дрысвяцкая ГЭС «Дружба народаў», а гуляючы па сталіцы раю зазірнуць у музей “Дом Ваньковічаў”.





