У мястэчку Падароск, што ў Ваўкавыскім раёне, можна паглядзець былую сядзібу Грабоўскіх, Чачотаў і Бохвіцаў. Будынак выкананы ў класічным стылі архітэктуры і даволі добра захаваўся, акрамя яго, на вялікай сядзібнай тэрыторыі ёсць брама, нетыповая агароджа з дзіўнымі фігурнымі элементамі, парк з сажалкай і шэраг гаспадарчых пабудоў.

Падароск згадваецца ў летапісе яшчэ ў першай палове 16 стагоддзя, бо ўжо тады тутака быў свой касцёл. У 1660 годзе, мястэчка атрымала Магдэбургскае права, таму як бачыце, гістарычная база тут даволі добрая. А вось гісторыя Падароскага маёнтка і першай сядзібы адсылае нас да Грабоўскіх, якія і збудавалі камяніцу дзесьці ў першай палове 18 стагоддзя.


З 1861 года, багатыя землі пераходзяць да Чачотаў, дакладна да Альбіны Чачот з Асташына (там яшчэ калісьці стаяў магутны кальвінскі збор). Бохвіцы ж з’яўляюцца ўжо напрыканцы 19 стагоддзя, калі дачка Альбіна Чачота выйшла замуж за Рамана з Бохвіцаў. Вось такі блытаны, але цікавы шлях прайшла гэтая сядзіба.


За Бохвіцамі, сядзіба ў Падароску заставалася да 1939 года, але на жаль, лёс апошняга ўладара мястэчка склаўся сумна – ён быў арыштаваны і забіты.


Далейшая гісторыя гэтага будынка была даволі тыповыя: так спачатку, у сядзібе месцілася сярэдняя школа, а крыху пазней пабудову часткова падзялілі паміж калгаснай адміністрацыяй і музычнай школай.

У 2012 годзе ў былога маёнтка Бохвіцаў-Чачотаў з’явілася надзея на аднаўлення, бо сядзібу выставілі на продаж. Знайшоўся пакупнік і нават намеціўся нейкі прагрэс па рэканструкцыі, аднак зараз усё сціхла, а сам маёнтак павярнуўся на баланс адказных арганізацый.

Ёсць даволі цікавы факт, звязаны з Падароскім маёнткам. На тэрыторыі сядзібы здымалі некаторыя сцены фільма “Рудабельская рэспубліка”. Дзякуючы гэтым кадрам, можна ўбачыць як будынак выглядаў у 60-ыя гады.



Гуляючы па парку абавязкова звярніце ўвагу на капітальную цагляную агароджу вакол тэрыторыі, думаю такіх дзіўных слупоў вы яшчэ нідзе не бачылі.


Вельмі цікава выглядае і вялізная брама з чырвонай цэглы, яна збудавана дзесьці ў сярэдзіне 19 стагоддзя.


Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
Калі будзеце ў гэтым краі раю таксама наведаць Ізабелін, дзе можна паглядзець касцёл, царкву і сінагогу.








