У Дзятлаўскім раёне ёсць гарадскі пасёлак Наваельня дзе ўсё ахвочыя могуць паглядзець старую царкву, мемарыяльную калону, касцёл, а таксама прыгожую чыгуначную станцыю. Што цікава, як і адно з самых вядомых балотаў Беларусі, Наваельня раней называлася наўпрост – Ельня. Такую назву мястэчка мела яшчэ з 15 стагоддзя. Калі з’явіўся тапонім “Наваельня” дакладна невядома, але лічыцца, што з сярэдзіны 16 стагоддзя, калі гэтыя землі перайшлі да Стэфана Тызенгаўза.

Мемарыяльная калона
Безумоўна, адна з галоўных цікавостак гарадскога пасёлка – гэта адноўленая мемарыяльная калона ў гонар прыняцця Канстытуцыі 1791 года.
Думаю вы ведаеце, што падобныя аб’екты актыўна будаваліся па ўсёй тэрыторыі Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Выключэннем не стала і мястэчка Наваельня.
Калона стаіць ля ракі Ятранка, побач з дарогай. Паркоўкі тут няма, таму прыйдзецца крыху прайсціся пешшу.
Царква ў Наваельні
Побач з каломнай ёсць і яшчэ адна гістарычная цікавостка – Свята-Раства-Багародзіцкая царква. Гэты храм збудавалі ў 1879 годзе, па праекце архітэктара Лазінскага.
Па сваёй архітэктуры гэтую царкву можна аднесці да прыкладаў рэтраспектыўна-рускага стылю.
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса
У гарадскім пасёлку Наваельня ёсць і свой касцёл, архітэктура яго крыху дзіўнаватая, але гэта напамін пра перабудову, якая адбылася за савецкім часам. Так у 1954 годзе, гэты храм перабудавалі ў кінатэатр, нават захаваўся стары здымак з тых часоў.


Калі касцёл павярнулі вернікам у 1994 годзе, вырашалі не аднаўляць першапачатковае аблічча храма (можа грошаў не ставала, а можа не было такой патрэбы).

Чыгуначная станцыя Наваельня
Шыкоўны будынак вакзала ў Наваельні датуецца 1923 годам, але адкрыццё чыгуначнага руху тут адбылося значна раней, яшчэ ў 1884 годзе. Мяркуецца, што менавіта тады і з’явілася першая чыгуначная станцыя.


Архітэктура ў станцыі вельмі файная ў якой прасочваюцца рыса як і стылю мадэрн, так і неабарока. Часам гэтую станцыю называюць адной з найпрыгажэйшых у Беларусі, магчыма гэта і сапраўды так.
Адзін з найцікавейшых і важных этапаў біяграфіі станцыі, на думку яе работнікаў, – перыяд функцыянавання тут вузкакалейкі, якая была пабудавана ў пачатку Першай сусветнай вайны менш чым за год. А спыніла сваё існаванне толькі ў 1965-м.
Ніжэй кропка з адзнакай чыгуначнай станцыі “Наваельня” на мапе:
У гэтым краі будзе таксама цікава заехаць у Лапушна, каб паглядзець на капліцу і рэшткі сядзібы Наркевічаў-Ёдкаў. Калі час вам дазваляе, раю ўбачыць былы палац Радзівілаў і касцёл Дзевы Марыі ў Дзятлаве