Па традыцыі ў гэтым годзе зноў пройдзе фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд». Гэта адна з найбуйнейшых падзей Беларусі, якая прысвечана аднаўленню сярэднявечных традыцый і легендарнай бітве пад Грунвальдам, што адбылася ў 1410 годзе. Гэтым разам фэст выпаў на 19 і 20 ліпеня, лакацыя засталася нязменнай – музейны комплекс «Дудуткі», менавіта тутака будзе эпіцэнтр маштабнай ваенна-гістарычнай дзеі.
Калі: 19–20 ліпеня;
Дзе: Музейны комплекс «Дудуткі»;
Што вас чакае: Рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы, Рыцарскія турніры, вялікі Канцэрт;
Квіткі: ад 90 рублёў за дарослага, набыць можна тут.
«Наш Грунвальд» – найстарэйшы і найбуйнейшы фестываль гістарычнай рэканструкцыі ў Беларусі, які праводзіцца з 2008 года. Яго галоўная місія – захаванне гістарычнай памяці праз паглыбленне ў эпоху 14-16 стагоддзя. Мерапрыемства будзе прысвечана ваеннай і свецкай культуры, звычаям і традыцыям нашых продкаў.
Галоўныя блокі фестывалю “Наш Грунвальд” 2025
Рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы – кульмінацыя фестывалю, якая аднаўляе найбуйнейшую бітву сярэднявечнай Еўропы. Гістарычная бітва адбылася 15 ліпеня 1410 года паміж войскамі Тэўтонскага ордэна і саюзнікаў: Вялікага Княства Літоўскага (сучасная Беларусь) і Каралеўства Польскага. У рэканструкцыі прымуць удзел некалькі сотняў пешых рыцараў, цяжкаўзброеная конніца, артылерыя.
Рыцарскія турніры: пешыя паядынкі, баі ў фармаце «шчыт-меч», турніры алебарднікаў, капейшчыкаў, латны турнір па правілах XV стагоддзя.
Бугурты, масавыя бітвы: тактычныя бітвы рыцарскіх атрадаў (штурм замка, бітва на «мосце» ды іншыя), бітва «траек», манеўры.
Конны турнір: Джосцінг – сутычкі цяжкаўзброеных вершнікаў на дзідах з каранэлямі. Госці ўбачаць поўнакантактны конны рыцарскі турнір на драўляных дзідах па правілах XV стагоддзя. Такія турніры праводзяцца сёння толькі ў некалькіх краінах свету. Галоўная мэта вершнікаў – выбіць суперніка з сядла магутным ударам доўгай дзіды альбо зламаць дзіду аб яго шчыт.
Турнір ІСБ: прафесійныя баі па правілах Гістарычнага Сярэднявечнага Боя.
Турнір лучнікаў і арбалетчыкаў: спаборніцтвы ў розных намінацыях па стральбе з сярэднявечнага лука і арбалета.
Горад майстроў: больш за 100 рамеснікаў прадэманструюць кавальскую, зброевую, ювелірную справу, ліццё металаў і іншыя сярэднявечныя тэхналогіі. Будуць працаваць майстэрні па вырабу даспехаў, ліццю ювелірных вырабаў, апрацоўцы каменю, вырабу зброі, керамікі.
Канцэрт: Асабліва чаканы блок фестывалю – канцэртная праграма «Пір пасля Бітвы» адбудзецца 19 ліпеня. На сцэне выступяць фолк- і рок-калектывы.
Імёны хэдлайнераў пакуль трымаюць у сакрэце.
Інтэрактыўныя пляцоўкі: Наведвальнікі змогуць прыняць удзел у сярэднявечных гульнях, навучыцца стральбе з лука, арбалета, наведаць майстар-клас па фехтаванні, «сярэднявечную катавальню» альбо прайсці «Рыцарскую паласу перашкод», адбудуцца «Гульні горцаў», майстар-класы па сярэднявечных танцах і настольных гульнях.
Як дабрацца:
- Фестывальныя аўтобусы з Мінска.
- Трансфер ад чыгуначнай станцыі Рудзенск.
- Уласны аўтамабіль, ровар ці мота транспарт.
Паркоўка: бясплатная зона на 1000 месцаў.
Намётавы лагер: Для зручнасці гасцей будзе арганізаваны намётавы лагер з вадой, прыбіральнямі, кантэйнерамі для смецця. Побач з лагерам размясціцца фудкорт.
Арганізатар: Дзяржаўная ўстанова культуры «Пухавіцкі раённы цэнтр культуры» Пасведчанне №662 ад 07 мая 2025 года.