Пастаўскі раён, Віцебскай вобласці, сапраўды багаты на славутасці і цікавосткі. Па ўсім рэгіёне хапае цікавых мясцін вартых вашай увагі, але асобна хочацца вылучыць касцёл Святога Тадэвуша, што ў вёсцы Лучай.


Лучай згадваецца ў пісьмовых звестках яшчэ з сярэдзіны 16 стагоддзя, але будаўніцтва храма адносіцца да больш позняга перыяду, калі дакладна, – гэта другая палова 18 стагоддзя.


Так у 1755 годзе, уладаром гэтых зямель стаў Тадэвуш Агінскі, які разам са сваёй сястрой Альжбетай пачаў актыўна развіваць мястэчка Лучай. Лічыцца, што менавіта Альжбэта Агінская (Пузына) выступіла адным з ініцыятараў будаўніцтва гэтага касцёла. Акрамя таго, Агінскія далі зямлю і жыллё для манахаў езуітаў, а таксама сталі галоўнымі фундатарамі храма.

Будаўніцтва гэтага каталіцкага храма завяршылі ў 1776 годзе. Цікава, што прыкладна ў гэты ж самы час заканчвалі работу над касцёлам у суседняй вёсцы Дунілавічы.

Ордэн манахаў-езуітаў быў скасаваны літаральна праз 3 гады пасля заканчэння работ, таму ўжо з 1779 года храм стаў звычайным парафіяльным касцёлам.


У пачатку 19 стагоддзя, касцёл у Лучаі быў нязначна перабудаваны. Тады ў асноўным займаліся фасадам, – гэтыя змены якраз і дадалі агульнай архітэктуры храма рысы класіцызму. Таксама касцёл набыў цыліндрычныя завяршэнні з купаламі. Падобныя рашэнні даволі рэдка сустракаецца ў касцёлаў Беларусі.

Лучайскі касцёл – гэта трохнефная базіліка з дзвюма вежамі, першапачаткова выкананая ў архітэктурным стылі барока. Па перыметры будынка можна ўбачыць мноства дэкаратыўных элементаў: пілястры, нішы, карнізы, фальш-калоны.

Адмысловай увагі варта надаць унутранаму роспісу сцен, якія выкананы ў складанай тэхніцы грызайлю (імітацыя скульптурай лепкі).

Гэты роспіс зрабіў мастак Казімір Анташэўскі. Калі плануеце ехаць у вёску Лучай, спрабуйце абавязкова трапіць унутр, бо інтэр’еры тут сапраўды шыкоўныя.

У касцёле Святога Тадэвуша і сёння гучыць старадаўні арган ажно 1811 года, які калісьці падарыў гэтаму прыходу Тадэвуш Ваньковіч.

Над троххарачнай брамай можна ўбачыць надпіс: “Ad Maiorem Dei Gloriam”. Гэта геральдычны дэвіз ордэна езуітаў, які азначае “Для большай славы Божай”.

Дарэчы браму перабудавалі прыкладна ў 2011 ці крыху пазней, першапачаткова выглядала значна прасцей.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, касцёл Святога Тадэвуша надоўга зачынены, а ў сценах храма размясціўся склад. Нягледзячы на гэта, мясцовыя жыхары імкнуліся збірацца на свае самастойныя імшы, якія мелі безумоўна неафіцыйны статус.


У траўні 1990 года, Лучайскі касцёл быў павернуты вернікам і пачаліся рэстаўрацыйныя работы.

Тэрыторыя храма – гэта таксама асобны музей пад адкрытым небам. Вакол будынка размяшчаюцца статуі Святых і апосталаў. Можна ўбачыць барэльефы ўздоўж усёй агароджы, прагуляцца па пейзажнаму парку з мастком і нават зазірнуць у сутарэння касцёла.

Карацей, бачна, што за ландшафтны дызайн тут адказвае свядомы чалавек.

Ёсць і адна невялічкая, але цікавая, дробязь. У гэтым парку стварылі макет былой сядзібы Агінскіх, да нашых дзён яна не захавалася, таму паглядзець як выглядала можа быць цікава.

Каля ўвахода ў касцёл звярніце ўвагу на скульптуру Папы Рымскага Бенедыкта XVI. Даволі цікавы факт, што гэты помнік лічыцца першым помнікам у свеце, які быў устляваны ў гонар гэтага Папы. Скульптуру стварыў Леў Аганаў у 2008 годзе. За агароджай касцёла захавалася былая плябанія 19 стагоддзя, верагодна будынак цяпер ужо аніяк не выкарыстоўваецца. Але яшчэ да 2010 года, тутака месцілася базавая школа адукацыі.

Побач з будынкам стаіць статуя нейкага дзеяча з кнігай, але вось знайсці інфармацыю хто гэта, пакуль не здолеў. Магчыма гэта нехта з Агінскіх.


Гэтую славутасць будзе даволі лёгка знайсці, касцёл знаходзіцца каля трасы Р110, якая як раз пралягае цераз вёску Лучай.
Безумоўна будзе цікава наведаць і іншыя храмы Віцебскай вобласці, напрыклад Мосар і Будслаў.








