Жупраны – гэта аграгарадок Ашмянскага раёна, які знаходзіцца на дарозе якая злучае Ашмяны і Смаргонь. Першапачаткова мястэчка мела назву “Зупраны” (побач размяшчалася Зупранская Пушча дзе вадзіліся еўрапейскія зубры). Аднак з часам і з-за фанетычных асаблівасцяў, вымаўленне змянілася. Доўгія гады Жупраны належалі Радзівілам, пры якіх тутака дзейнічаў кальвінісцкі збор. На месцы якога, ужо калі Жупранамі валодалі Чапскія, пачалі будаваць касцёл Святога Пятра і Паўла.
Будоўлю фінансаваў сам граф Адам Чапскі, работы пачалі ў 1854 годзе. Праўда завяршыць будаўніцтва хутка не атрымалася. У 1863 годзе пачалося паўстанне, пасля паражэнне ў якім каталіцтву на тэрыторыі Беларусі прыходзілася вельмі цяжка.
Працы па ўзвядзенні храма скончылі ў 1875 годзе (у некаторых крыніцах сустракаецца іншая дата, пазнейшая – 1890 год). Потым касцёл урачыста асвяцілі ў гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла.
Архітэктура жупранскага касцёла
Касцёл па форме прастакутны, трохнефны, выкананы ў архітэктурным стылі неаготыка і элементамі рэтраспектыўнай готыкі. Дамінанта – масіўная трох’ярусная вежа-званіца са спічастымі праёмамі і шатром.
У храма адсутнічае апсіда, на задняй сцяне выцеснены крыж над алтарным акном.
Касцёл у Жупранах пабудаваны з чырвонай цэглы і бутавага каменя. Багата аздоблены ўзорамі, фальш-нішамі і пілястрамі.
Па кутах асноўнага аб’ёму храма і вежы размешчаны гатычныя пінаклі.
Калі атрымаецца зазірнуць унутр касцёла – то зможаце ўбачыць цікавыя інтэр’еры і роспіс канца 19 стагоддзя.
Таксама зьвярніце ўвагу на мэмарыяльную пліту ў гонар вядомага беларускага паэта – Францішка Багушэвіча.
На касцёльных могілках можна наведаць магілу гэтага легендарнага чалавека, пахаванага тут у 1900 годзе.
Недалёка ад касцёла таксама ўсталяваны помнік, які выкананы ў выглядзе двухмятровага пастамента з бюстам Багушэвіча.
За Петрапаўлаўскім касцёлам захавалася цагляная плябанія, збудаваная яшчэ напачатку 20 стагоддзя. У адрозненне ад храма, яна будавалася больш у класічным стылі.
Галоўная цікавостка мястэчка Жупраны знаходзіцца на ўзвышшы і яе добра бачна на пад’ездзе. Ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Што яшчэ наведаць у гэтым рэгіёне? Літаральна ў 10 хвілінах язды, у Солах, размешчаны адзін з найпрыгажэйшых касцёлаў Беларусі. Па дарозе таксама будзе неагатычныя капліца ў вёсцы Івашкаўцы.