Вёска Засвір знаходзіцца побач з найпрыгажэйшым возерам Свір, на мяжы Мінскай і Гродзенскай вобласці. Са славутасцяў і цікавостак тут асаблівай увагі варты шыкоўны касцёл у стылі барока, які быў закладзены яшчэ напачатку 18 стагоддзя. Акрамя таго да храма прымыкаюць руіны былога кляштара кармелітаў, які быў заснаваны яшчэ ў 1697 годзе. За будынкам касцёла таксама захаваліся вайсковыя могілкі часоў першай сусветнай вайны.


Будаўніцтва гэтага кляштара, а таксама касцёла ў Засвіры, вялося пры падтрымцы і на сродкі Крыштофа і Ядвігі Зяновічаў з 1713 года.

Першапачаткова кляштарныя будынкі былі драўляныя, але праз некаторы час былі перабудаваны з каменя.

Траецкі касцёл выглядае даволі проста і нават аскетычна, такія рысы звычайна ўласцівы храмам якія адносяцца да архітэктурнага стылю сармацкае барока. Як напрыклад касцёлы ў Навагрудку, Клёцку і Міхалішках.


Касцёл у Засвіры двухвежавы, з высокай апсідай над алтаром. Цікава, што нейкага цэнтральнага ўваходу няма – ён як быццам перакрыты невялічкай апсідай (гэты элементы называецца – барбакан).

Па сутнасці ў храма толькі сціплыя дзверы збоку. Нашто так зрабілі невядома (можа ў мэтах абароны?), але падобныя прыёмы ў каталіцкіх храмах я бачыў і раней.

У 1832 годзе кляштар быў ліквідаваны, такі лёс напаткаў многія каталіцкія храмы і кляштары таго часу, а пасля падзей 1863 года касцёл і ўвогуле перадалі праваслаўнай царкве.

Храм тады крыху перабудавалі, а на вежах з’явіліся цыбульныя глаўкі.

За часам Першай сусветнай вайны ў сценах Траецкага касцёла нямецкія салдаты арганізавалі шпіталь, а за храмам захоўвалі загінуўшых. На старых фотаздымках можна ўбачыць лазарэт у будынку былога кляштара.

Пасля заканчэння вайны, прыблізна ў 1919 годзе, храм у вёсцы Засвір вернуты ва ўлонне каталіцкай веры.


Другая сусветная вайна таксама пакінула свае адбіткі на лёсе храма Найсвяцейшай Тройцы. Пасля заканчэння баявых дзеянняў касцёл зноў зачынілі, а будынак прыстасавалі пад школу і інтэрнат.

З часам і за непатрэбнасцю Засвірскі касцёл прыйшоў у запусценне і пачаў разбурацца.

У 1990 годзе храм павярнулі каталікам і адразу пачынаецца рэканструкцыя. Нягледзячы на гэты факт, будынак кляштара кармелітаў ўжо на жаль страчаны.

За храмам дарэчы захаваліся старыя вайсковыя могілкі.

Яшчэ адна цікавостка знаходзіцца ледзь наводдаль ад касцёла. У Засвіры захаваўся вось такі даволі незвычайны драўляны дом.

Пабудова нагадвае сапраўдную сядзібу, але па факце – гэта былы клуб-кінатэатр, пабудаваны ў 1930 годзе. Ніжэй кропка з адзнакай месца дзе стаіць касцёл:
У гэтых краях абавязкова варта зазірнуць у Свір, а таксама ў Шэметава.








