Каталіцкі храм Маці Божай Добрай Рады размешчаны ў даволі глухім мястэчку Смаргонскага раёна, куды можа быць праблематычна даехаць. Затое тыя, хто здолеюць – змогуць убачыць неагатычны касцёл, пабудаваны ў самым пачатку 20 стагоддзя. Што цікава, калі храм будавалі, то землі адносіліся фактычна да вёскі Нястанішкі дзе быў і фальварак роду Пузынаў. Аднак на сённяшніх мапах касцёл стаіць у межах вёскі Шыманелі.

Гісторыя каталіцкай парафіі ў Нястанішках пачынаецца яшчэ ў канцы 15 стагоддзя, верагодна ўжо тады тут быў пабудаваны драўляны храм.

За такую доўгую гісторыю той касцёл прайшоў праз шмат якіх выпрабаванняў: некалькі разоў разбураўся, перабудоўваўся і нават адбудоўваўся цалкам з нуля.


Рашэнне ўзводзіць каменны касцёл прынялі ў 1905 годзе, а работы занялі каля 6 год і ўжо ў 1911 годзе новы храм быў урачыста асвечаны.


Па архітэктуры пабудова з’яўляецца яркім прыкладам неагатычнага стылю таго часу. Храм выкананы з чырвонай цэглы і мае крыжападобную форму. Па баках масіўныя сіметрычныя сакрыстыі, фасад вылучаецца высокімі 4-яруснымі вежамі са шпілямі.

Сцены ўпрыгожаны контрфорсамі і прадаўгаватымі арачнымі вокнамі, храм завяршаецца 5-граннай апсідай.

Побач з касцёлам размяшчаюцца старажытныя каталіцкія могілкі.

Касцельная тэрыторыя абгароджана невысокім плотам з бутавага каменя, а перад уваходам калонная брама.

Лёс парафіі і касцёла дастаткова туманны. Складана сказаць ці зачынялі яго і наколькі ў пасляваенныя гады, а таксама як выкарыстоўвалі сам будынак.
Па шляху ў Нястанішкі рэкамендую заехаць у Дабраўляны, там знаходзілася сядзіба Гюнтэраў.





