Прыблізна за 30 кіламетраў ад Вілейкі знаходзіцца мястэчка Ілья, якое даволі часта можна ўбачыць у розных турыстычных маршрутах. Тое і зразумела, бо тутака ёсць дужа цікавы храм першай паловы 20 стагоддзя. Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса быў пабудаваны да 1909 года на месцы драўлянага храма-папярэдніка.


Само мястэчка Ілья ўпершыню згадваецца яшчэ ў 1564 годзе, а першы касцёл на гэтых землях быў пабудаваны ў 1669 годзе, таму гісторыя тут сапраўды вартая ўвагі.

Касцёл стаіць у самым цэнтры вёскі Ілья і вылучаецца даволі незвычайна архітэктурай. Гэты стыль можна аднесці да неараманскага, ёсць меркаванне, што ягоным праектам займаўся архітэктар Аўгуст Клейн.


Храм збудаваны с цэглы, каменю, а таксама дрэва. Тоўстыя сцены дэкараваны арнаментам, а да асноўнага аб’ёму храма прымыкае апсіда.

Сродкі на будаўніцтва збірала ўся парафія, таксама дапамог у гэтай справе тагачасны ўладар мястэчка – пан Тукала.

Вядома, што за савецкім часам, многія святыні Беларусі былі зачыненыя для наведвання. Касцёл у Ільі спачатку не зачынялі, аднак сам храм моцна пацярпеў у гады Другой сусветнай вайны і імшы ў ім доўгі час не праводзіліся. Затым будынак аддалі пад патрэбы малаказавода.

Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса змог зноўку адчыніць свае дзверы толькі ў 1993 годзе, калі яго нанава асвяцілі, пасля заканчэння 3-гадовай рэканструкцыі. Дарэчы менавіта ў той перыяд надбудавана драўляная вежка.


Касцёл у пасёлку Ілья даволі проста знайсці, знаходзіцца каля трасы, глядзіце адзнаку на мапе:
Непадалёку ад гэтых мясцін ёсць маляўнічае Вілейскае вадасховішча, а на адным з яго берагоў ёсць мястэчка Вязынь, дзе захаваліся цікавыя аб’екты архітэктуры: касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Пакроўская царква.








