Галоўнай і бадай самай цікавай славутасцю Ваўкавыска можна назваць касцёл Святога Вацлава. Гэты храм будаваўся ў сярэдзіне 19 стагоддзя па праекце архітэктара Аляксандра Грудэцкагаі. Будынак быў завершаны дзесьці ў 1848 годзе, а асвячоны ў 1850 годзе.


У шматлікіх крыніцах пазначана, што храм збудаваны на месцы драўлянага папярэдніка, што згарэў у 1827 годзе, аднак гэта не зусім дакладна. Бо новы каменны касцёл размяшчаецца на супрацьлеглым баку ад былога Ізабелінскага тракта, дзе стаяў не храм, а карчма.


Першапачатковае аблічча храма, гаворка менавіта пра каменны касцёл, адрознівалася ад таго якім яго можна ўбачыць сёння. Не было высокіх вежаў, а толькі чыстая архітэктура позняга класіцызму.

Яшчэ адно відавочнае адрозненне – гэта адсутнасць шыкоўнай брамы-званіцы. Яе дэмантавалі ў першай палове 20 стагоддзя, пакінулі толькі трохаркавую браму з падмурка вежы.


Ваўкавыскі касцёл мае прамавугольную форму. Асноўны аб’ём будынка накрыты двухузроўневым скатным дахам.

Сцены і фасад упрыгожаны фальш калонамі, а па перыметры ідзе дэкаратыўны ступеньчаты карніз. Вокны – арачныя, а над імі пілястры якія паўтараюць контур.


Даволі цікава, што касцёл Святога Вацлава ў Ваўкавыску не закрываўся і нават дзейнічаў пры савецкай уладзе.

Больш дзіўна, што храм атрымаў статус помніка архітэктуры ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя.


Унутры касцёл падзелены на тры нефы. Ва ўбранні выдзяляецца галоўны алтар, упісаны ў невялічкую арку прамавугольнай апсіды.

Яшчэ адна славутасць на касцельнай тэрыторыі – капліца-пахавальня роду Сягеняў. Яе збудавалі ў 1880 годзе з жоўтай цэглы ў рысах неараманскай архітэктуры.

Касцёл знаходзіцца недалёка ад цэнтра Ваўкавыска, па адрасе: вуліца Карла Маркса 25.
Побач з храмам захаваліся каталіцкія могілкі, а ледзь наводдаль віднеецца гарадзішча “Шведская гара”.








