Ула – гэта даволі старажытнае мястэчка, якое ўваходзіла ў склад Полацкага княства і вядомае ў летапісе ажно з 14 стагоддзя. Сённяшняя Ула – гэта ўжо аграгарадок у Бешанковіцкім раёне, а са славутасцяў тут можна вылучыць праваслаўную Свята-Троіцкую царкву, месца дзе стаяў Ульскі замак і Траецкі касцёл, пра які раскажу крыху падрабязней.


Першы, яшчэ драўляны, касцёл на гэтым месцы быў пабудаваны ў 1699 годзе. Што цікава, да будаўніцтва храма, амаль тутака стаяў сапраўдны замак, валы якога часткова захаваліся і сёння.

Будаўніцтва мураванага касцёла распачалі ў 1853 годзе і з вялікімі цяжкасцямі скончылі праз 11 год. Па выніку гэтых работ атрымаўся даволі цікавы помнік класічнай архітэктуры з сіметрычнымі двух’яруснымі вежамі, скатным дахам і трохкутным франтонам. Менавіта такі храм можна ўбачыць на карціне легендарнага вандроўніка Напалеона Орды.


Траецкі касцёл ва Уле прымусова зачынілі ў 1935 годзе, а сам будынак забралі ў каталіцкай абшчыны і сталі выкарыстоўваць як склад для сельскагаспадарчай прадукцыі.


За часам Другой сусветнай вайны касцёл пацярпеў, але не быў разбураны. Ужо пасля заканчэння вайны будынак перабудавалі пад клуб, тады ж знеслі вежы.


Прыкладна з 60-ых касцёл стаяў напаўзакінутым і амаль аніяк не выкарыстоўваўся. Аднаўленнем храма заняліся толькі ў 1999 годзе.

Гэтая цікавостка мястэчка Ула знаходзіцца ў самым канцы вуліцы Ленінская, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў гэтым краі, раю з’ездзіць таксама ў Бешанковічы ці паглядзець на руіны храма ў вёсцы Губіна.








