Драўляная архітэктура Беларусі – гэта асаблівая асалода і эстэтыка. Храмаў з дрэва ў нас хапае, але ёсць унікальныя прыклады, такія як касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Кемелішках. Гэты храм па-свойму загадкавы, а яго гісторыя поўна прабелаў і часам блытаніны.


Так, напрыклад, існуе 2 версіі з датай будаўніцтва. Першая адсылае нас у другую палову 18 стагоддзя, калі Кемелішкі належалі Станіславу Прушынскаму і Ганне Камароўскай (*не блытайце гэтых людзей са Станіславам Ксаверыем Прушынскім і Ганнай Сямашкай, якія валодалі Лошыцай). Па гэтай версіі касцёл скончылі будаваць у 1781 годзе, а ў 1897 годзе – перабудавалі, але захаваўшы асноўны аб’ём і толькі дабудаваўшы вежы і бакавыя сакрысціі.


А вось па другой версіі, – будынак з’явіўся ў 1900 годзе на падмурку старога храма. І мяркуецца, што ўзвялі тады цалкам новы касцёл. Магчыма, як часта гэта бывае, праўда дзесьці пасярэдзіне. У любым выпадку на старых фотаздымках можна ўбачыць, што за 100 гадоў архітэктура касцёла засталася амаль нязменнай.


Унутры Кемелішскага касцёла можна ўбачыць старажытны арган, які быў перароблены ў 1893 годзе майстрам з Вільні. Таму калі ў вас будзе магчымасць паглядзець на гэтую прыладу – не адмаўляйцеся. Да таго ж у храме ёсць і партрэты фундатараў, тых самых Ганны і Станіслава Прушынскіх, герба Любіч.

Першапачатковы варыянт касцёла адносіўся да архітэктурнага стылю барока, аднак пасля перабудовы дадаліся як рысы неаготыкі (вежы па баках франтона, пінаклі), так і рыс класіцызму (чатырохкалонны порцік або ганак).

Вежы – трохузроўневыя, верхні ярус тут выглядае цікавей за ўсё і мае васьмігранную форму. Завяршаюцца вежы вострымі шатрамі з крыжамі, а паабапал мініяцюрныя франтончыкі з дэкаратыўнымі шпілямі. У цэнтры фасада ўзвышаецца яшчэ адна невялічкая вежка.

Справа ад уваходу ў касцёл стаіць аналагічная па архітэктуры вежа-званіца, якая таксама мае 3 ярусы і вежку-завяршэнне.

З касцёлам у Кемелішках звязаны і нешматлікі на тэрыторыі Беларусі ордэн місіянераў (кляштары былі яшчэ ў Асвеі і Лыскаве). Сёстры-місіянеры займаліся сваёй дзейнасцю з 1931 года і да пачатку вайны, інфармацыі на жаль захавалася зусім няшмат. Ячшчэ ў мястэчку Кемелішкі будзе цікава наведаць каталіцкія могілкі, дзе захавалася вось такое прыгожае надмагілле Юліі Вішнеўскай.


Ніжэй кропка з адзнакай дзе стаіць касцёл:
Калі будзеце вандраваць у гэтым краі, то раю заехаць у Быстрыцу, там знаходзіцца касцёл ажно 16 стагоддзя.








