На ўездзе ў вёску Мілашова, Віцебскай вобласці, можна ўбачыць даволі незвычайны для Беларусі каталіцкі храм. Незвычайны ён сваёй гісторыяй, а таксама і архітэктурай.

Касцёл Маці Божай Шкаплернай у Ідолце (на той момант гэты ўчастак зямлі не адносіўся да Мілашова) пачалі будаваць дзякуючы ксяндзу Станіславу Авіду Эліяшу ў 1937 годзе. Да гэтага службы праводзіліся ў капліцы-пахавальні Мілашаў, але з ростам колькасці прыхаджан патрэба ў новым будынку асабліва ўзрасла.

Для праектавання храма запрасілі інжынер-архітэктара Яна Бароўскага, які прапанаваў цікавы праект з рысамі стылю мадэрн і канструктывізм. Ужо да 1938 года былі скончаны сцены, заставалася толькі накрыць касцёл дахам, але набліжалася вайна і савецкія антырэлігійныя рэпрэсіі. З-за гэтага ўсе работы прасоўваліся вельмі марудна. А ў 1941 годзе і таго горш – быў арыштаваны, а затым расстраляны, той самы ксёндз Станіслаў Эліяш, пасля чаго будаўніцтва канчаткова спынілася.

Скончыць працы над храмам выпала наступнаму ксяндзу – Балеславу Грамсу. Лічыцца, што касцёл быў асвечаны ў ліпені 1942 года. Ці магчыма гэта і ці няма нейкай памылкі ў даце, адказаць складана. Аднак калі касцёл скончылі будаваць у 42 годзе, то гэта выглядае сапраўдным цудам.

Па архітэктуры храм вылучаецца высокай квадратнай вежай з шатровым дахам.


Галоўны ўваход упрыгожаны галерэяй з аркадамі, над якімі акно-ружа, а ў левай частцы размешчана адзінкавая скульптура Дзевы Марыі.

Візуальна касцёл складаецца з двух узроўняў: ніжні дэкарыраваны бутавым каменем, верхні выкладзены жоўтай цэглай.

Храм знаходзіцца адразу ля трасы H2102, якая вядзе на Друю, арыенцір – з’езд на вуліцу Лясная.
У Ідолце можна таксама паглядзець адноўленую сядзібу Мілашаў і маляўнічы драўляны масток. Калі дазваляе час, то едзьце ў вёску Асада-Дзедзіна, дзе стаяць масіўныя руіны сядзібнага дома Рудніцкіх.








