Уязджаючы на цэнтральную вуліцу Узды вы воляй не воляй убачыце адну з галоўных славутасцяў горада – будынак былога Крыжаўзвіжанскага касцёла. У тое, што гэтая пабудова калісьці была храмам – спачатку верыцца з цяжкасцю, але пры больш дэталёвым аглядзе, старадаўняя архітэктура нібы праяўляецца.

Гісторыя касцёла Узвышэння Святога Крыжа адносіць нас да канца 18 стагоддзя, калі па распараджэнні Казіміра Завіша пачынаюцца работы па ўзвядзенні храма. Будаўніцтва касцёла ва Уздзе скончылі ў 1798 годзе, па выніку атрымаўся ўнікальны прыклад архітэктуры з элементамі стылю класіцызм. Ніжэй ёсць паштоўка 1916 года, на якой можна разгледзець яшчэ дзейны касцёл і шыкоўную вежу-званіцу.

Пабудова цалкам драўляная, але мае шэраг каменных прыбудоў. Бакавыя – з’явіліся ўжо за савецкім часам, а вось цагляная апсіда – гэта пачатак 20 стагоддзя, верагодна тады ж пабудавалі вежу з агароджай.


Цэнтральны ўваход вылучаецца порцікам з масіўнымі калонамі. Такая архітэктура адразу адсылае да старажытных сядзіб і фальваркаў.

У 30-ыя гады, мінулага стагоддзя, касцёл зачынілі, а будынак перадалі пад патрэбы мясцовага клуба. Што цікава, з часам клуб набыў статус раённага. У 90-ыя была надзея, што храм адновяць, але ў выніку вырашылі будаваць новы касцёл. Размяшчаецца крыху далей па вуліцы.

З гісторыяй Уздзенскага касцёла ёсць і цікавы факт. Тут у семінарыі вучыўся беларускі паэт і драматург Томаш Зан – вядомы членам Таварыства філаматаў, а таксама блізкі сябра Адама Міцкевіча.


Сёння будынак былога касцёла ў прыватнай уласнасці.


Знайсці гэтую славутасць горада Узда не складзе вялікіх праблем – храм знаходзіцца ў цэнтры, насупраць статуі Леніна, ніжэй кропка з размяшчэннем на мапе:
Недалёка ад гістарычнага цэнтра горада знаходзяцца каталіцкія могілкі, дзе можна паглядзець легендарную піраміду-каплічку Завішаў.





