Троіцкі касцёл на ўскраіне вёскі Струбніца – гэта ўнікальны помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю барока. Храм быў пабудаваны ў 1740 годзе на высокім узгорку, таму добра бачны яшчэ на пад’ездзе да мястэчка. Гісторыя Струбніцы моцна звязана з родам Біспінгаў, якія валодалі гэтымі землямі ажно з канца 17 стагоддзя. Род лічыўся паспяховым і даволі багатым, сябравалі з Сапегамі і мелі некалькі вялікіх маёнткаў па заходняй частцы Беларусі. Ёсць нават цікавы факт, Аляксандр з Сапегаў у гонар і памяць аб сваім сябры Баляславе Біспінге ўсталяваў эпітафійную кампазіцыю-барэльеф у Ружанскім касцёле (гэта 1785 год, кампазіцыя захавалася да нашых дзён).
Касцёл у Струбніцы – гэта таксама заслуга Біспінгаў. Пры іх гэты храм як мінімум двойчы перабудоўваўся (у некаторых крыніцах згадваецца, што толькі рамантаваўся). Так у 1799 годзе касцёл аднаўляў Іван Біспінг, а ў 1841 годзе – ягоны пляменнік Адам.
Касцёл прамавугольны ў плане, да яго асноўнага аб’ёму прымыкае 5-гранная апсіда з сакрысціямі з усходу.
Галоўны фасад завершаны высокім франтонам з вежачкай. Інтэрʼер храма мае выцягнутую на падоўжнай восі кампазіцыю. Хоры з арганам адкрыты ў залу над цыркульным праёмам. Разьбяныя алтары выкананы ў традыцыях барока. Найбольш багата аздоблены 3-ярусны галоўны алтар (знаходзіцца ў апсідзе).
Вельмі цікава і нават незвычайна выглядае касцёльная брама.
Гэтая мураваная брама і 2-ярусная званіца ўзведзены ў 1856 годзе.

Асобнай увагі варты фамільныя могілкі Біспінгаў, – такі своеасаблівы пантэон у вёскі Струбніца.
У самым цэнтру стаіць вялікі крыж з мармуру і надпісам “Rodzina Bispingow” (Радзіма Біспінгаў).
На могілках пахаваны шмат прадстаўнікоў гэта роду, а таксама блізкіх сваякоў.
Апошнія ўладары Струбніцы, гэта Юзэф Біспінг і ягоная жонка Марыя (у дзявоцтве Святаполк-Мірская). За імі мястэчка заставалася да 1939 года. Затым Юзэф будзе арыштаваны, загіне ў Комі, а Марыя з дачкамі, ужо пасля сканчэння вайны, пераедзе ў Англію. За савецкім часам касцёл не працаваў, але будынак захоўваўся ў добрым стане. У 1970 годзе, храм нават атрымаў статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння. З 1989 года касцёл павернуты вернікам.
У самой Струбніцы ўсё яшчэ можна адшукаць рэшткі сядзібных пабудоў. Ніжэй адзнака на мапе месца дзе знаходзіцца касцёл.
Калі будзеце ў гэтым краі, раю таксама заехаць у мястэчка Пескі.